жоўта... (а таксама жаўта...).
Першая састаўная частка складаных слоў са знач. жоўты (у 1 знач.), напр.: жоўтавалосы, жоўтагаловы.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
жаўта... (гл. жоўта...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўжываецца замест «жоўта...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: жаўтабокі, жаўталісты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жаўта... (гл. жоўта...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужыв. замест «жоўта...», калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напр.: жаўтагруды, жаўтадзюбы, жаўтазём, жаўталісты, жаўтароты, жаўтаскуры.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
жоўта... (а таксама жаўта...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «жоўты» (у 1 знач.), напрыклад: жоўтагаловы, жоўтавалосы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛЯСНЫ́Я ЗО́НЫ,
прыродныя зоны сушы экватарыяльнага, субэкватарыяльных, трапічных, субтрапічных і ўмераных паясоў геаграфічных, у прыродных ландшафтах якіх пераважае лясная расліннасць. Размешчаны пераважна ў Паўн. паўшар’і, звычайна ва ўмовах дастатковага або залішняга ўвільгатнення. У экватарыяльным поясе і набліжаных да яго рэгіёнах субэкватарыяльных паясоў ва ўмовах гарачага клімату з залішнім увільгатненнем і адсутнасцю сезоннай рытмічнасці знаходзяцца зоны гілеяў (вільготных вечназялёных экватарыяльных лясоў) на ападзоленых латэрытах, чырв.-жоўтых латэрытных і балотных трапічных глебах і субэкватарыяльных лясоў на ападзоленых і чырв. латэрытах, чырв.-бурых і чырв.-карычневых глебах. У найб. вільготных (больш за 1000 мм ападкаў за год) раёнах трапічных паясоў, дзе сезонная рытмічнасць больш выяўленая, размешчаны зоны трапічных лясоў на ападзоленых латэрытах і латэрытных глебах. У гэтых зонах адрозніваюць падзоны вечназялёных пастаянна вільготных (гл. Вільготныя трапічныя лясы) і лістападна-вечназялёных сезонна вільготных (з засушлівым перыядам) лясоў. Л.з. субтрапічных паясоў знаходзяцца ў паласе зах. пераносу паветр. мас, з летнім трапічным і зімовым умераным кліматычнымі рэжымамі. У раёнах з залішнім на працягу года ўвільгатненнем пашыраны падзоны гемігілеяў з вечназялёнымі або летнезялёнымі шыракалістымі лясамі на бурых лясных, жаўта- і чырваназёмных глебах; у зах. частках мацерыкоў (пераважна з зімовым увільгатненнем) — невял. па плошчы падзоны цвердалістых міжземнаморскіх летне-сухіх лясоў і хмызнякоў на карычневых, бурых лясных і жаўтазёмных глебах, на У (з летнім увільгатненнем) — мусонных лістападна-вечназялёных мяшаных субтрапічных лясоў на чырвана- і жаўтазёмах. Найб. плошчу займаюць Л.з. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я. У іх складзе адрозніваюць 3 падзоны, якія паслядоўна змяняюцца з Пн на Пд у Еўразіі і з ПнУ на ПдЗ у Паўн. Амерыцы і часта разглядаюцца як асобныя зоны: таежная зона, мяшаных лясоў зона, шыракалістых лясоў зона. З-за недахопу цяпла зімой вегетацыя раслін запавольваецца ці спыняецца. Лясы хвойныя і лістападныя, растуць на мярзлотна-таежных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, бурых або шэрых лясных глебах. Ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я ва ўмовах акіянічнага клімату пераважаюць мяшаныя лясы з хвойнымі, лістападнымі і вечназялёнымі відамі раслін на бурых лясных глебах. Беларусь знаходзіцца ў зоне мяшаных лясоў, флора і фауна якіх найб. збераглася ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку.
П.І.Лабанок.
т. 9, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)