Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКА́РДА МАШЫ́НА,
механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.М.Жакарам.
Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВАНАТКА́ЦТВА,
ручное ці машыннае тканне дываноў і дывановых вырабаў (габеленаў, шпалераў, дарожак і інш.). У Д. выкарыстоўваюцца шэрсць, баваўняныя, ільняныя і хім. валокны. Асн. аперацыі: падбор валакністых матэрыялаў, фарбаванне пражы і валакна, тканне і апрацоўка дываноў.
Ручное ткацтва робіцца на верт. або гарыз. варштатах. Выконваецца па нац. узорах або малюнках, зробленых фарбай на спец. паперы ў клетку. Ручныя ворсавыя дываны — шматслойная тканіна палатнянага (міткалёвага) перапляцення трох сістэм нітак — асноўнай, уточнай і ворсавай. Каркаснае палатно тканіны ствараецца перапляценнем асновы і ўтку; вонкавы слой (малюнак дывана) — каляровымі ворсавымі ніткамі, вузлы якіх шчыльна звязваюцца ў гарыз. або верт. парадку на нітках асновы. Бязворсавыя дываны — аднаслойная тканіна, зробленая перапляценнем нітак асновы і рознакаляровых нітак утку. Дываны машыннай вытв-сці падзяляюцца на бязворсавыя (простай і складанай будовы) і ворсавыя. Дываны простай будовы вырабляюцца з адной сістэмы асновы і адной сістэмы ўтку. Узор вытыкаецца на ткацкім станку з Жакарда машынай. Бязворсавыя дываны складанай будовы — гэта двух- або трохслойная тканіна з некалькіх сістэм шарсцяной, баваўнянай ці льняной асновы і шарсцянога ўтку, які стварае ўзор. Найб. вядомыя з такіх дываноў шатландскія і т.зв. «кідэрмінстэрскія» (ням. і англ.). Ворсавыя дываны вырабляюцца звычайна з асноўным, радзей з уточным ворсам. Паводле спосабу ўтварэння асн. ворсу адрозніваюць дываны двухпалотныя з разразным ворсам і т. зв. прутковыя (аднапалотныя). Двухпалотную шматслойную тканіну фармуюць на двухпалотным станку ніткамі карэннай насцільнай і ворсавай асноў і ўтку. Потым ніжняе і верхняе палотны, злучаныя ворсавымі петлямі, разразаюць па ворсавых нітках на 2 дываны. Прутковыя дываны робяць на аднапалотных станках з жакардавымі машынамі (пры набіўных дыванах — без іх). Гатовыя дываны апрацоўваюць, надаюць ім шаўкавісты бляск. змякчаюць фарбавыя тоны ворсавай пражы. ліквідуюць дэфекты ткання і інш.
На Беларусі ворсавыя дываны машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста».
Да арт.Дыванаткацтва: а — вязка вузлоў (двайных і паўтарачных) у ручным дыванаткацтве (1 — гарызантальная, 2 — вертыкальная); б — схема перапляценняў бязворсавых дываноў (1 — палас, 2 — кілім); в — структура двухпалотных дываноў (1, 2, 3 — карэнная, насцільная і ворсавая асновы; 4 — ніткі ўтку; 5 — нож).Да арт.Дыванаткацтва. Двухпалотны дыванаткацкі станок з машынай Жакарда.