ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВУ́ГАЛЮ І СТА́ЛІ (ЕАВС),

дзяржаўна-манапалістычная арганізацыя, створаная ў 1951 з мэтай садзейнічаць пашырэнню і мадэрнізацыі здабычы вугалю, руды. вытв-сці металу. Напачатку аб’ядноўвала ФРГ, Францыю, Італію, Бельгію, Нідэрланды і Люксембург, пазней з расшырэннем складу ўдзельнікаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ўключыла Вялікабрытанію, Данію, Ірландыю, Грэцыю, Іспанію і Партугалію. У 1967 органы аб’яднання зліліся з органамі ЕЭС і Еўраатама. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІЯ СУПО́ЛЬНАСЦІ,

агульная назва трох узаемазвязаных рэгіянальных эканам. арг-цый: Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі (ЕАВС), Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі (Еўратам) і Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС), утвораных у 1951—57. У сістэму Е.с. уваходзяць таксама інш. еўрап. інтэграцыйныя ін-ты (Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Фонд еўрапейскага рэгіянальнага развіцця і інш.). У 1965 паводле Брусельскага дагавора створаны адзіныя органы трох супольнасцей. З 1986 Е.с. выкарыстоўваюць уведзены ў 1955 Саветам Еўропы еўрап. сцяг, у 1972 ода «Да радасці» Л.​Бетховена на словы Ф.​Шылера зацверджана ў якасці еўрап. гімна. Паводле Маастрыхцкіх пагадненняў 1992 Е.с. сталі афіц. называцца Еўрапейскім саюзам.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)