старажытны горад у Грэцыі каля падножжа гары Парнас у паўд.-зах. Факідзе. Буйны рэліг. цэнтр з храмам і аракулам бога Апалона. У 7—6 ст. да н.э. Д. набылі ролю агульнагрэч. свяцілішча. З 582 да н.э. ў іх праходзілі агульнагрэч. піфійскія гульні, на час якіх усталёўвалася свяшчэннае перамір’е. З дароў Апалону ў Д. назапасіліся вял. скарбы і горад стаў буйным крэдытна-пазыковым цэнтрам. У 279 да н.э. Д. спустошаны галамі, у 189 да н.э. захоплены рымлянамі, у 86 да н.э. абрабаваны Сулам, які вывез адсюль творы мастацтва. Пасля дэкрэта рым. імператара Феадосія I аб закрыцці храма (391 н.э.) горад паступова заняпаў. Цяпер Д. — невял. населены пункт.
З горным рэльефам гарманічна спалучаюцца помнікі Д., адкрытыя раскопкамі з 1892: храм Апалона Піфейскага (6 ст. да н.э., перабудаваны ў 4 ст. да н.э., арх. Ксенадор і Агатан), скарбніцы сіфнійцаў (каля 525 да н.э.), афінян (480 да н.э.) і інш., стоя (галерэя-порцік) афінян (475 да н.э.), выбіты ў скале т-р на 5 тыс. гледачоў (4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Апалона. Фундаменты старога (канец 7 ст. да н.э.) і новага (канец 6 ст. да н.э.) храмаў Афіны Пранаі, круглая ў плане грабніца — фалос (пач. 4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Афіны. Стадыён (каля 460 да н.э.), гімнасій (334—327 да н.э.), басейн Кастальскай крыніцы (7 ст. да н.э.). Арх. музей (каштоўныя зборы ант. мастацтва — надпісы, скульптуры, у т. л. бронзавая статуя возніка, рэльефы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФО́Н,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г.Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г.Дэльфы — Піфо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНА́С (Parnasos),
горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч.г.Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),
апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Казімеж) (14.11.1901, г. Цярнопаль, Ўкраіна — 1.1.1981),
польскі археолаг, егіптолаг, гісторык мастацтва. Правадз.чл. Польскай АН (1952). Скончыў Львоўскі ун-т, вучыўся ў Зах. Еўропе і Каіры (Егіпет). У 1933—72 праф. Варшаўскага ун-та, стваральнік і кіраўнік кафедры міжземнаморскай археалогіі. У 1945—81 нам. дырэктара Нац. музея ў Варшаве, дзе стварыў Галерэю стараж. мастацтва. Узначальваў польскія археал. экспедыцыі ў Егіпце (Эдфу, Тэль-Атрыб, Александрыя і інш.), Крыме (Мірмекій), Сірыі (Пальміра), Судане (Фарас; адкрыты хрысц. сабор 8—12 ст.), на Кіпры, у Іраку і інш. Кіраваў у Дэйр-эль-Бахры (Верхні Егіпет) працамі па рэканструкцыі храма царыцы Хатшэпсут, раскопкамі ансамбля памінальнага храма Тутмоса III. Старшыня Міжнар.к-та экспертаў па выратаванні скальных храмаў у Абу-Сімбел (1963—71). Аўтар прац «Дэльфы» (1937), «Мірмекій» (1958), «Пальміра» (т. 1—5, 1960—66), «Фарас» (т. 1—3, 1962—65), «Не толькі піраміды» (1966), «Мастацтва Старажытнага Егіпта» (1968), «Як грэкі стваралі мастацтва» (1970) і інш.