Дэлавэр (штат, ЗША) 4/359

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),

заліў Атлантычнага ак., каля берагоў ЗША. Даўж. 80 км, шыр. ўваходу 18,5 км, у сярэдняй ч. каля 40 км. Замярзае ў суровыя зімы. Па дне заліва пракладзены суднаходны канал (глыб. 11,8 м) да вусця р. Дэлавэр, у раёне якога размяшчаюцца гарады Філадэльфія, Чэстэр і інш.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),

рака на У ЗША. Даўж. 660 км, пл. бас. 31,1 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, цячэ па плато Підмант і Прыатлантычнай нізіне, упадае ў заліў Дэлавэр Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Сярэдні гадавы расход вады 350 м³/с. Веснавое разводдзе, паводкі ў астатні час года. Суднаходная да г. Трэнтан, да г. Істан суднаходства па канале. Прылівы падымаюцца па рацэ на 210 км. На Д. — гарады Істан, Трэнтан, Філадэльфія, Уілмінгтан.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),

штат на У ЗША, на ўзбярэжжы аднайменнага заліва Атлантычнага ак. Пл. 5,3 тыс. км². Нас. 700,3 тыс. чал. (1993), гарадскога 76,9%. Адм. ц.г. Довер. Буйнейшы горад, прамысл. цэнтр і порт — Уілмінгтан. Паўн. ч. штата ўваходзіць у прыгарадную зону г. Філадэльфія. Штат займае ч. прыбярэжнай раўніны, найвышэйшы пункт 135 м. Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. каля 20 °C. Ападкаў за год каля 1100 мм. Лясоў мала. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Асн. галіны: хім. і нафтахім., нафтаперапр., гумавая, аўтамабіле-, судна- і прыладабудаванне, харч., тэкстыльная. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля прыгараднага тыпу. 3 тыс. с.-г. ферм. Гал. галіна — птушкагадоўля (вытв-сць бройлераў). Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу, свіней. Марское рыбалоўства. Пашыраны пасевы соі, кукурузы, бульбы, пшаніцы. Агародніцтва і садоўніцтва. Транспарт марскі, аўтамаб., чыгуначны. Важную ролю адыгрывае суднаходны канал, які злучае залівы Дэлавэр і Чэсапікскі.

Да адкрыцця ў 1609 еўрап. экспедыцыяй Г.​Гудзона тэр. Д. была заселена індзейскім племем дэлавараў. З 1631 тут пасяляліся галандцы, з 1638 — шведы, з 1664 — англічане. Д. быў ч. англ. калоніі Нью-Йорк, з 1682 — Пенсільваніі, у 1704 атрымаў абмежаваную аўтаномію. У 1776 у час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 створаны штат Д. Адзін з 13 штатаў-заснавальнікаў ЗША, які ў 1787 першы ратыфікаваў федэральную канстытуцыю. У 1802 Э.​І.​Дзюпон дэ Немур заснаваў ва Уілмінгтане парахавы з-д, які ў 20 ст. ператварыўся ў сусветна вядомы хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані». Прымаў удзел у грамадз. вайне 1861—65 на баку Поўначы.

М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка).

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Delaware

[ˈdeləwer]

штат Дэ́лавэр

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

РО́ЎЛАНД ((Rowland) Шэрвуд) (н. 28.6.1927, г. Дэлавэр, штат Агайо, ЗША),

амерыканскі хімік. Скончыў Весліянскі ун-т (1948). З 1956 у Канзаскім ун-це, з 1964 праф. Каліфарнійскага ун-та (г. Ірвін). Навук. працы па радыяхіміі, хіміі атмасферы. Устанавіў, што атм. азон раскладаецца фрэонамі, якія шырока выкарыстоўваюцца як холадагенты (разам з М.​Маліна; 1974). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з П.​Крутцэнам, Маліна).

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАВА́РЫ (саманазва ленапе),

племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў алганкінскай моўнай групы. У 17 ст. займалі тэр. сучасных штатаў ЗША Дэлавэр, Нью-Джэрсі, ч. штатаў Нью-Йорк і Пенсільванія. Займаліся паляўніцтвам, рыбалоўствам і земляробствам. Карысталіся піктаграфічным пісьмом, на якім была запісана легендарная гісторыя племя. Жывуць у ЗША (штаты Нью-Йорк, Вісконсін, Канзас, Аклахома; 3 тыс. чал., 1992) і ў Канадзе (рэзервацыі на Пд правінцыі Антарыо, 1 тыс. чал.). Вызнаюць пратэстантызм.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МО́БІЛ КАРПАРЭ́ЙШЭН»

(Mobil Corporation),

амерыканская прамысл. карпарацыя. Месцазнаходжанне — г.Уілмінгтан (штат Дэлавэр, ЗША). Створана ў 1931 у выніку аб’яднання «Вакуум ойл компані» (засн. ў 1866) і «Стандард ойл компані» (засн. ў 1882) у «Сокані-Вакуум ойл карпарэйшэн». З 1976 сучасная назва. Карпарацыя займаецца здабычай і перапрацоўкай нафты, газу, вугалю і урану. Філіялы карпарацыі знаходзяцца ў многіх краінах. Грашовае абарачэнне «М.к.» 56,6 млрд. дол. ЗША, у вытв-сці занята 61,1 тыс. работнікаў.

т. 10, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ НА́ФТАВАЯ КАМПА́НІЯ (англ. Arabian-American Oil Company; АРАМКА),

заснавана ў 1933 у штаце Дэлавэр буйнейшымі нафтавымі манаполіямі ЗША для эксплуатацыі нафтавых радовішчаў Саудаўскай Аравіі (на ўмовах канцэсіі). У 1973 урад Саудаўскай Аравіі набыў 25%-ную долю ў здабычы нафты, у 1980 стаў адзіным уладальнікам АРАМКА. Здабывае каля 245 млн. т нафты за год (1983), а таксама прыродны газ. Нафта ў асноўным экспартуецца, пераважна ў краіны Зах. Еўропы, у ЗША, Японію.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПО́НЫ (Du Pont),

сямейная фін. і прамысл. група ў ЗША. Заснавальнік — Э.​І.​Дзюпон дэ Немур (1771—1834), сын П.С.Дзюпона дэ Немура. У 1802 ён пабудаваў у пас. Уілмінгтан (штат Дэлавэр) парахавы з-д. Разбагацелі на ваен. бізнесе ў час англа-амер. вайны 1812—14, амер.-мекс. вайны 1846—48, грамадз. вайны ў ЗША 1861—65, 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры Т.​К.​Дзюпоне (1863—1930) узнік хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані» (1899).

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)