Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Порта Дж. дэла 1/472—473 (укл.), 476 (іл.); 2/623
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́РА ДЭ́ЛА ФРАНЧЭ́СКА (Piero della Francesca; каля 1416, г. Сансеполькра, Італія — пахаваны 12.10.1492),
італьянскі жывапісец, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Мазачыо, Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і нідэрл. мастацтва. У 1439 быў памочнікам Даменіка Венецыяна ў Фларэнцыі. Працаваў пераважна ў Сансеполькра і Урбіна, а таксама ў Ферары, Рыміні, Рыме, Арэца. Адзін з першых звярнуўся да лінейнай перспектывы ў жывапісе. Творы вызначаюцца веліччу вобразаў, аб’ёмнасцю форм, празрыстасцю каларыту: фрэскі «Сіджызмонда Малатэста перад сваім святым патронам» у царкве Сан-Франчэска ў Рыміні (1451), «Гісторыя жыватворнага крыжа» ў царкве Сан-Франчэска ў Арэца (цыкл, 1452—66), «Мадонна дэль Парта» ў капэле дэль Чымітэра ў Мантэркі (пасля 1460), паліпціх «Мадонна дэла Мізерыкордыя» (1450—62); карціны «Святы Іеранім» (1450), «Хрышчэнне Хрыста» (1450—55), «Бічаванне Хрыста» (каля 1455—60), «Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра (каля 1472—74), «Мадонна са святымі і герцагам Урбінскім» (каля 1472—75), «Раство» (каля 1475); партрэты герцага Урбінскага Федэрыга да Мантэфельтра і яго жонкі (каля 1465) і інш. Аўтар тэарэт. трактатаў «Аб перспектыве ў жывапісе» (да 1482), «Кніжыца аб пяці правільных целах» (пасля 1482).
Л.Ф.Салавей.
П’ера дэла Франчэска. Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра. Каля 1472—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА ДЭ́ЛА МІРА́НДАЛА ((Pico della Mirandola) Джавані) (24.2.1463, Мірандала, каля г. Модэна, Італія — 17.11.1494),
італьянскі мысліцель і вучоны эпохі Адраджэння, гуманіст. Вучыўся ва ун-тах Балонні, Ферары, Падуі, дзе заснаваў схаластычную традыцыю арыстоцелізму і авераізму; разам з тым успрыняў культуру філал. гуманізму. Вывучаў у арыгінале Стары запавет і Каран, цікавіўся кабалой і «натуральнай магіяй». У сваіх «900 тэзісах» (1486) імкнуўся да ўсеагульнага «прымірэння. філасофіі»; лічыў, што ўсе рэліг. і філас. школы — прыватныя праявы адзінай ісціны. Папская курыя асудзіла 13 яго тэзісаў і яго самога. Пазней жыў у Фларэнцыі, далучыўся да гуртка Л.Медычы і фларэнційскіх неаплатонікаў на чале з М.Фічына (платонаўская Акадэмія), напісаў трактаты «Гептаплус» (1490), «Пра сутнае і адзінае» (1496). У творы «Супраць прадказальнай астралогіі» (1495) адмаўляў астральны дэтэрмінізм на карысць свабоды чалавечай волі. Яго працы паўплывалі на будучую натурфіласофію.