ДЭВО́НСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), дэвон,

чацвёртая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае чацвёртаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі сілурыйскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 400 млн. гадоў назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. даследчыкамі Р.​І.​Мурчысанам і А.​Седжвікам (1839). Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі) — ніжні, сярэдні, верхні (ранняя, сярэдняя, позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — лохкаўскі, пражскі, эмскі (ніжні аддзел); эйфельскі, жывецкі (сярэдні); франскі, фаменскі (верхні аддзел). На Беларусі гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы (1981, 1990) дэвонскіх адкладаў. На падставе характэрных комплексаў выкапнёвых брахіяпод, астракод, канадонтаў і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты: баршчоўскі, чарткоўскі, віцебскі, адроўскі, асвейскі, гарадоцкі, касцюковіцкі, полацкі (старааскольскі), ланскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, яўланаўскі, лівенскі, даманавіцкі, задонскі, ялецкі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, палескі.

Арганічны свет Д.с. быў багаты і разнастайны. Марскія басейны насялялі амаль усе тыпы марскіх беспазваночных жывёл (прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, плечаногія, членістаногія, малюскі, канадонтаносьбіты і інш.), з раслін — водарасці; у лагунах, азёрах і рэк панавалі бяссківічныя і рыбы. На сушы былі пашыраны прымітыўныя расліны — псілафіты, з’явіліся папарацепадобныя, дзеразовыя і хвашчовыя, першыя голанасенныя. Некат. групы жывёл (каралы, страматапоры і інш.) і раслін (вапняковыя водарасці) адыгрывалі важную ролю ва ўтварэнні адкладаў, месцамі ў морах стваралі арганагенныя пабудовы (біястромы, біягермы, рыфы). Найб. важныя для расчлянення дэвонскіх адкладаў групы фауны — ганіятыты, каралы, брахіяподы, малюскі, астракоды, канадонты, рыбы; флоры — рэшткі раслін (споры).

Адклады Д.с. вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформеннага чахла большасці платформ Паўн. і Паўд. паўшар’яў, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках. Пашыраны таксама ў складкавых сістэмах Урала, Паміра, Апалачаў, Кардыльераў і інш. Большая ч. сушы ў дэвоне была ўкрыта морамі, дзе пераважна намнажаліся тэрыгенныя і карбанатныя асадкі, у лагунах — каменныя солі, гіпсы, ангідрыты. У дэвоне пачалася герцынская складкавасць, якая суправаджалася актыўнай вулканічнай дзейнасцю і ўтварэннем магутных тоўшчаў вулканагенных парод. На ўсіх кантынентах з адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў.

На Беларусі адклады Д.с. пашыраны на б. ч. (каля 60%) тэр. і прадстаўлены ўтварэннямі ўсіх ярусаў, акрамя пражскага. Залягаюць на глыбінях ад 100 да 1500 м і толькі месцамі па р. Дняпро ў г. Орша, Зах. Дзвіна каля Віцебска, Сар’янка каля г. Верхнядзвінск выходзяць на паверхню. На ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна, Валынская манакліналь) глініста-карбанатныя адклады лохкаўскага яруса магутнасцю да 80 м, у цэнтры і на ПнУ (Аршанская ўпадзіна, Латвійская седлавіна) тэрыгенныя, карбанатныя і эвапарытавыя адклады эмскага, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў агульнай магутнасцю да 500 м. Да франскага яруса адносяцца вулкана-магматычныя ўтварэнні дыятрэм (трубак выбуху) Жлобінскай седлавіны. Найб. поўны разрэз дэвону (да 3—3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на ПдУ (Прыпяцкая ўпадзіна), дзе ўтварэнні эйфельскага, жывецкага, франскага і фаменскага ярусаў складзены з магутных тоўшчаў тэрыгенных, карбанатных, саляносных і вулканагенных парод. З адкладамі дэвону звязаны радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае і інш.), солей каменных (Мазырскае) і калійных (Старобінскае, Петрыкаўскае), гаручых сланцаў (Тураўскае, Любанскае), даламітаў (г.п. Руба, Віцебскі р-н), расолаў і мінер. вод.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Девонская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэво́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дэвону, з’яўляецца дэвонам. Дэвонскія адкладанні. Дэвонскі перыяд. Дэвонская сістэма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэво́нскі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. дэво́нскі дэво́нская дэво́нскае дэво́нскія
Р. дэво́нскага дэво́нскай
дэво́нскае
дэво́нскага дэво́нскіх
Д. дэво́нскаму дэво́нскай дэво́нскаму дэво́нскім
В. дэво́нскі (неадуш.)
дэво́нскага (адуш.)
дэво́нскую дэво́нскае дэво́нскія (неадуш.)
дэво́нскіх (адуш.)
Т. дэво́нскім дэво́нскай
дэво́нскаю
дэво́нскім дэво́нскімі
М. дэво́нскім дэво́нскай дэво́нскім дэво́нскіх

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

дево́нский дэво́нскі;

дево́нский пери́од дэво́нскі перы́яд;

дево́нская систе́ма дэво́нская сістэ́ма.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

форма́ция в разн. знач. фарма́цыя, -цыі ж.;

трети́чная форма́ция геол. траці́чная фарма́цыя;

пе́рмская форма́ция геол. пе́рмская фарма́цыя;

мелова́я форма́ция геол. мелава́я фарма́цыя;

дево́нская форма́ция геол. дэво́нская фарма́цыя;

социа́льно-экономи́ческая форма́ция ист. сацыя́льна-эканамі́чная фарма́цыя;

челове́к но́вой форма́ции чалаве́к но́вай фарма́цыі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)