Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІФАКС, Халіфакс (Halifax) Эдуард Фрэдэрык Ліндлі Вуд, барон Ірвін (Irwin; 16.4.1881, замак Паўдэрэм, графства Дэван, Вялікабрытанія — 23.12.1959), англійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1922—24, 1932—35 міністр адукацыі, з 1924 міністр сельскай гаспадаркі, у 1926—31 віцэ-кароль Індыі. У 1935—38 старшыня палаты лордаў, выступаў за знешнепаліт. кампраміс з А.Гітлерам. З 1938 міністр замежных спраў, удзельнічаў у перагаворах, якія прывялі да заключэння Мюнхенскага пагаднення 1938. З 1941 пасол у ЗША. У 1947—53 старшыня Ген. кансультатыўнага савета радыёвяшчальнай кампаніі Бі-Бі-Сі.
т. 4, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДСКІ АРКТЫ́ЧНЫ АРХІПЕЛА́Г,
група астравоў каля паўн. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі. Належыць Канадзе. Пл. 1,3 млн. км². Насельніцтва некалькі тыс. чал., пераважна эскімосы. Найб. астравы: Бафінава Зямля, Элсмір, Вікторыя, Банкс, Дэван. Архіпелаг размешчаны на мацерыковай водмелі, складаная сістэма праліваў падзяляе яго на некалькі груп астравоў (Сведрупа а-вы, Пары архіпелаг і інш.). Абмываецца на Пн і У Паўн. Ледавітым ак. (м. Бофарта, Лінкальна, Бафіна, прал. Робсан, Кенэдзі, Сміт, бас. Кейна), на ПдУ і Пд — Атлантычным ак. (прал. Дэйвіса і Гудзонаў, бас. Фокса). У рэльефе пераважаюць узгорыстыя раўніны і плато выш. 200—500 м, складзеныя асадкавымі пародамі палеазою. На У — горныя масівы выш. да 2926 м (на в-ве Элсмір). Усх. ўзбярэжжы складзены са стараж. крышт. парод, глыбока расчлянёныя фіёрдамі. Паўн.-зах. ч. архіпелага нізінная, складзена з рыхлых марскіх адкладаў; пашыраны мярзлотныя формы рэльефу. Зледзяненне (агульная пл. ледавікоў 154 тыс. км²) на Пн, каля ўзбярэжжаў участкі шэльфавага лёду. Радовішчы нафты, газу, жал. руды. Клімат арктычны, суровы, на У больш вільготны, на З рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -23 °C на ПдУ да -35 °C на ПнЗ, ліп. ад 7 °C на Пд да 4 °C на Пн. Ападкаў ад 400—450 мм на ПдУ да 100 мм і менш на Пн. Усюды развіта шматгадовая мерзлата. Прыбярэжныя моры і пралівы 9—10 месяцаў укрыты лёдам. На Пн арктычныя пустыні, на Пд мохава-лішайнікавыя і мохава-кусцікавыя тундры. Фауна: паўн. алень, белы мядзведзь, пясец, лемінгі, тундравыя курапаткі; з эндэмікаў — мускусны бык. У прыбярэжных водах цюлені, кіты, маржы і інш. Нац. парк Ауюітук (в-аў Бафінава Зямля), некалькі рэзерватаў. Марскі промысел, рыбалоўства, паляванне. Найб. населеныя пункты: Фробішэр-Бей (в-аў Бафінава Зямля), Кеймбрыдж-Бей (в-аў Вікторыя), Рэзальют (в-аў Батэрст).
т. 7, с. 566
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)