ДЭ́БІШ (Васіль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Брат А.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе ў Брэсце. Друкуецца з 1987. Аўтар зб. вершаў «Белыя птахі» (1992), «Лісты да Марыі» (1996). У лірыцы Д. — рамант. свет чалавека, любоўныя перажыванні героя («Ліст да Марыі», «След вашых губ на крышталі», «Любіў. Ды ты не зразумела»), асэнсаванне духоўных крыніц жыцця народа, роднай гісторыі («Вільня», «Багрымава жалейка», «Апошняя ноч К.Каліноўскага»). Звяртаецца і да нац. міфалогіі. Распрацоўвае жанры трыялета, квантэмы.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́БІШ (Анатоль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Брат В.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе дырэктарам Дома культуры ў Брэсце. Друкуецца з 1983. Аўтар зб. вершаў «Калядная вячэра» (1992), «Стодзівы» (1995). Тэматычны дыяпазон паэзіі Д. разнастайны — ад часоў паганства («Зніч», «Мара», «Чарнабог», «Пераплут», «Дзіў», «Велямос») да нашых дзён. Грунтуючыся на бел. нар. міфалогіі і фальклоры, аўтар асэнсоўвае стараж. светаўспрыманне, светабачанне і светаразуменне нашых далёкіх продкаў, яднае язычніцкія ўяўленні і хрысціянскія ідэалы, пяе хваласпеў жанчыне, каханню. Развівае жанры санета, балады, трыялета, элегіі, паэт. форму тэрцыны.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
А.А.Майсейчык.
т. 11, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)