Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ДЫЯНЕ́Я (Dionaea),
манатыпны род кветкавых раслін сям. расянкавых. 1 від — Д. венерына мухалоўка (D. muscipula). Пашыраны на Атлантычным узбярэжжы Паўн. Амерыкі. Расце на мохавых балотах і вільготных пясках.
Шматгадовая насякомаедная травяністая расліна з кароткім бязлістым сцяблом (стрэлкай) і разеткай лісця. Кожны ліст мае крылаты чаранок і двухлопасцевую авальную пласціну, у цэнтры якой знаходзяцца 3 адчувальныя валаскі. Калі насякомае дакранаецца да гэтых валаскоў, лопасці ліста змыкаюцца, утрымліваюць ахвяру і выдзяляюць стрававальную вадкасць, якая ператраўляе яе. Кветкі дробныя, белыя, сабраныя ў парасонападобны шчыток на доўгім кветаносе-стрэлцы. Плод — шматнасенная каробачка. Лек. і дэкар. расліна.