ДУШЭ́ЎСКІ (Дуж-Душэўскі) Клаўдзій Сцяпанавіч [27.3
(паводле інш. звестак 26.4).1891, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 25.2.1959], бел. паліт. дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім горным ін-це (1912—18),
скончыў Літоўскі ун-т (1927, Каўнас). Адзін з актывістаў Бел. навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. У 1917 уступіў у Бел. сацыяліст. грамаду (БСГ), у чэрв.—кастр. 1917 чл. яе ЦК і прэзідыума. Удзельнік з’езда бел. нац. арг-цый (сак. 1917, Мінск), Усерас. дэмакр. нарады (вер. 1917, Петраград) і інш. У 1918 заг. бежанскага аддзела Бел. нац. камісарыята. Пасля распаду БСГ (лета 1918) у Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. З 1919 у Вільні: чл. Бел. нац. к-та, старшыня Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны (май—ліп. 1919), узначальваў к-т Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, адзін з ініцыятараў стварэння Бел. вайсковай камісіі, дыпламат. прадстаўнік БНР у краінах Прыбалтыкі, дзярж. сакратар ва ўрадзе Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай бел. гімназіі і на бел. настаўніцкіх курсах. У 1921 эмігрыраваў у Каўнас. У 1920—30-я г. працаваў у мін-вах бел. спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, адзін з кіраўнікоў Бел. цэнтра ў Літве, Літ.-Бел. т-ва. Выдаваў і рэдагаваў час. «Беларускі сцяг» (1922), «Крывіч» (1923—26), «Беларускі асяродак» (з 1933). Пасля далучэння Літвы да СССР (ліп. 1940) зняволены сав. ўладамі ў турму; у жн. 1943 арыштаваны ням.-фаш. ўладамі і адпраўлены ў канцлагер. У 1944—46 дацэнт Каўнаскага ун-та. У 1952 сав. ўладамі асуджаны на 25 гадоў зняволення. Вызвалены ў 1955.
С.С.Рудовіч.
т. 6, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЖ-ДУШЭ́ЎСКІ Клаўдзій Сцяпанавіч, гл. Душэўскі К.С.
т. 6, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ САБРА́ННЕ,
грамадская арг-цыя, якая існавала ў г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва) у крас. 1921 — лют. 1922. Мела на мэце культ. дзейнасць сярод бел. насельніцтва ў Літве, паліт., навук., маст. і фіз. ўдасканаленне сваіх членаў. У Беларускае сабранне ўваходзілі Я.Варонка (старшыня ўправы), В.Ластоўскі, А.Вальковіч, А.Галавінскі, К.Дуж-Душэўскі, В.Захарка, А.Ружанцоў, А.Рэшка, А.Цвікевіч, Я.Шальмук і інш. У чэрв. 1921 пры Беларускім сабранні створаны «Беларускі клуб».
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТР у Літве.
Існаваў у крас. 1923 — сак. 1927 і з 22.2.1933 да 1936 (?) у г. Коўна (цяпер Каўнас). Засн. на базе закрытага літоўскімі ўладамі Мін-ва бел. спраў Літвы. Займаўся перакладам на бел. мову і выданнем навук. л-ры, школьных падручнікаў. У першы перыяд дзейнасці кіраўнікі: В.Ластоўскі, К.Душэўскі, А.Матач. Пасля ад’езду Ластоўскага ў БССР (сак. 1927) дзейнасць цэнтра спынена; адноўлена ў 1933 пры Мін-ве замежных спраў Літвы. У 1926 выдаў працу Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ СЦЯГ»,
штомесячны грамадска-паліт. і літ. часопіс, орган урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдаваўся ў крас.—вер. 1922 у Каўнасе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Дуж-Душэўскі. Гал. мэта выдання — абарона бел. дзяржаўнасці, павышэнне грамадскай свядомасці, умацаванне волі да барацьбы шляхам асвятлення ўсіх бакоў бел. жыцця. Разглядаў з нац.-дэмакр. пазіцый паліт. і грамадскія падзеі ў Зах. Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і БССР, узнімаў пытанні вызв. руху і будучыні бел. народа. Публікаваў артыкулы па праблемах барацьбы за адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Выйшлі 4 нумары.
Г.М.Зелянова.
т. 2, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада,
сход прадстаўнікоў бел. арг-цый і партый Зах. Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 (паводле інш. крыніц 26—29). 9.1921 у Празе. У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чал. Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С.Баран, К.Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л.Заяц, А.Карабач, В.Ластоўскі, Я.Мамонька, М.Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — В.Захарка, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, А.Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б.Тарашкевіч. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920, у якой перасцерагала бел. народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б.Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі аб дзейнасці С.Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку бел. нац. паліт. арг-цый і з’яўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзярж. будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).
А.М.Сідарэвіч.
т. 12, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА ДАВЕ́РУ,
дарадчы орган з прадстаўнікоў бел. грамадскасці пры ген. камісары Беларусі на акупіраванай тэрыторыі ў Вял. Айч. вайну. Створана 27.6.1943 у Мінску па ініцыятыве ген. камісара Беларусі В.Кубэ з асоб, якія супрацоўнічалі з ням. фашыстамі. У склад яе ўвайшлі В.Іваноўскі (старшыня), Ю.Сабалеўскі (нам. старшыні), К.Гуло, С.Цытовіч, У.Козел, В.Трахімовіч, Ц.Горгенгаймер, І.Душэўскі, Булат, І.Галяк, Н.Абрамава, М.Ганько, К.Рабушка, А.Калубовіч. Мела на мэце збор і апрацоўку прапаноў і пажаданняў акупац. уладам, удзел з дарадчым голасам у пасяджэннях ген. камісарыята Беларусі. У снеж. 1943 ператворана ў Беларускую цэнтральную раду.
А.М.Літвін.
т. 2, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ ДЭЛЕГА́ТАЎ ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ.
Адбыўся 9—10.6.1919 у Вільні. Скліканы па ініцыятыве паланафільскай групы бел. паліт. дзеячаў на чале з Б.А.Тарашкевічам. Прысутнічала 125 дэлегатаў, большасць з іх члены Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Асн. даклады: аб кааперацыі (К.С.Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах бел. асветы (М.С.Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Я.Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду БНР, прызнаў пажаданым дзярж. саюз з Літвой. У прынятай дэкларацыі асудзіў акупацыю Беларусі Польшчай, заклікаў да стварэння працоўных валасных, пав. і губ. рад. Прыняў рэзалюцыі аб стварэнні бел. войска, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Гродне, абмеркаваў пытанні пра беларусізацыю царквы і касцёла на Беларусі, пра дапамогу пацярпелым ад вайны. Выбраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.
А.С.Ліс.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІ́Ч»,
бел. літ.-навук. і грамадскі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1923 да сак. 1927 у Коўне (сучасны Каўнас, Літва) на бел. мове. Рэдактары В.Ю.Ластоўскі і К.С.Душэўскі (Дуж-Душэўскі). Прытрымліваўся канцэпцыі самаст. шляху развіцця бел. народа, самавызначэння Беларусі ў сферы духоўнасці. Вызначаўся разнастайнасцю тэматыкі, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літ. (творы бел. пісьменства, пераклады з інш. моў), навук.-крытычны (даследаванні ў галіне беларусазнаўства), «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў, іх гіст.-культ. спадчыну), інфарм. (бібліягр. агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця беларусаў у БССР, Зах. Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і інш. Закранаў пытанні гісторыі нац. культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Ф.Скарыну, Л. і С. Зізаніяў, А.Міцкевіча, Ф.Дастаеўскага; навук. працы па мовазнаўстве Я.Станкевіча, па кнігазнаўстве А.Шлюбскага, літ.-крытычнае даследаванне А.Узнясенскага пра паэт. спадчыну М.Багдановіча; вершы Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў Ю.Аха, І.Білюнаса, Г.Гаўптмана, С.Інгмана, Р.Кіплінга, Р.Тагора, А.Талстога, О.Уайльда, А.Франса і інш. Аўтарам шматлікіх публікацый быў Ластоўскі, у іх ліку аповесць «Лабірынты», артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айч. гісторыю, успаміны пра Багдановіча, уражанні ад Акад. канферэнцыі па рэформе бел. правапісу і азбукі ў Мінску ў 1926, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-рус.-бел. слоўнік па арніталогіі (апрацаваны разам з Т.Іваноўскім, Дуж-Душэўскім). Асвятляў дзейнасць К-та паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Ю.Пілсудскага ў 1927 Бел. сял.-работніцкай грамады. Змяшчаў рэцэнзіі на кнігі і часопісы, выдадзеныя на Беларусі. Выйшла 12 нумароў.
Літ.:
Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 4 Мн., 1995.
А.М.Вабішчэвіч.
т. 8, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.Варонка (міністр унутр. спраў) В.Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.Заяц (дзярж. кантралёр), А.Ладноў (міністр ваен. спраў), А.Смоліч (міністр асветы), А.Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.Ластоўскі (старшыня), Я.Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.Вальковіч), Т.Грыб (міністр унутр. спраў), К.Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.
Літ.:
Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.
А.М.Сідарэвіч.
т. 13, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)