ДРЭ́ЙФАВЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,

цячэнні, абумоўленыя ўздзеяннем на паверхню вадаёма працяглых або пануючых вятроў, якія супадаюць з імі па напрамку. Гл. таксама Ветравыя цячэнні.

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дрэ́йфавы

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. дрэ́йфавы дрэ́йфавая дрэ́йфавае дрэ́йфавыя
Р. дрэ́йфавага дрэ́йфавай
дрэ́йфавае
дрэ́йфавага дрэ́йфавых
Д. дрэ́йфаваму дрэ́йфавай дрэ́йфаваму дрэ́йфавым
В. дрэ́йфавы (неадуш.)
дрэ́йфавага (адуш.)
дрэ́йфавую дрэ́йфавае дрэ́йфавыя (неадуш.)
дрэ́йфавых (адуш.)
Т. дрэ́йфавым дрэ́йфавай
дрэ́йфаваю
дрэ́йфавым дрэ́йфавымі
М. дрэ́йфавым дрэ́йфавай дрэ́йфавым дрэ́йфавых

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,

паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн. ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.​Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)