Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ПАВІЯ́НЫ (Papio),
род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных Вядомы з пліяцэну (каля 5 млн.г. назад) Азіі і Афрыкі. 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы Жывуць у саваннах, саваннавых лясах у камяністых мясцовасцях, трымаюцца вял. статкамі. Маюць складаную іерархію адносін. 1 від (дрыл — P. leucophaeus) у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела самцоў да 110 см, хваста да 71 см, маса да 54 кг; самкі ўдвая меншыя. Морда доўгая, за што іх называюць сабакагаловымі малпамі. Надброўі і іклы моцна развітыя. Поўсць доўгая, пераважна шэрых адценняў, у самцоў часта ўтварае грыву. Сядалішчныя мазалі вял., ярка афарбаваныя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Лабараторныя жывёлы. Гл. таксама Бабуін, Гамадрыл, Мандрылы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДРЫ́ЛЫ (Mandrillus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 2 віды: мандрыл (M. sphinx) і дрыл (M. leucophaeus). Некат. сістэматыкі ўключаюць М. у род павіянаў. Пашыраны ў лясах і гарыстых раёнах Экватарыяльнай Афрыкі. Трымаюцца групамі, пераважна на зямлі; кормяцца і спяць на дрэвах.
Самыя буйныя з мартышкавых. Даўж. больш за 1 м, маса больш за 40 кг, даўж. хваста да 12 см. Самцы ярка афарбаваны: па баках рыжа-чырв. носа мазолістыя грабяні з падоўжанымі жалабкамі сіняга і чырв. колеру; бакенбарды і барада жоўтыя. валасы на галаве ярка-каштанавыя. Сядалішчныя мазалі чырв., сінія або фіялетавыя. Самкі цёмныя. Галава вял., тваравы аддзел шырокі, выступае наперад. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія, першы палец на ступні вялікі. Мускулатура развітая. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Вядомы гібрыды паміж мандрылам і дрылам, а таксама паміж імі і макакамі, мангабеямі, павіянамі.