ДЗЁМКІНА (Вольга Васілеўна) (н. 30.4.1953, в. Забаенне Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Рэсп. школу-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве (1971), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе на Мінскім вытв.-маст. камбінаце (з 1979). У тэхніцы габелену стварае творы на тэмы бел. мінуўшчыны («Рэха», 1977, «Песня з мінулых стагоддзяў», 1978, «Ветразь міру», 1986, «На строме часу», 1986, «Малітва», 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся», «Крыніца часу», абедзве 1989, «Узыходжанне», 1990, «Зорка Палын», 1991, «Таямніца святла», 1995), космасу і сусвету («Пакланенне зоркам», 1992, «Песня вятроў», 1996). У работах «Дажынкі», «Гуканне вясны», «Купалле», «Паганскія сімвалы», «Гімн лілеям» (усе 1990-я г.) тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сістэму бел. арнаменту. Стварыла сцэн. касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш. Іл. гл. таксама да арт. Батык, Габелен.

Літ.:

Фатыхава Г. Зорка Палын // ЛіМ. 1996. 26 крас.;

Яе ж. Музыка габелена // Беларусь. 1996. № 10.

Г.​А.​Фатыхава.

В.Дзёмкіна. Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся. 1989.

т. 6, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ТЫК (малайскае),

тэхніка размалёўкі тканін, а таксама шматколерная тканіна, аздобленая гэтай тэхнікай. Фон тканіны ўкрываюць непранікальным для фарбы саставам (пры «гарачым» батыку — разагрэтым воскам, пры «халодным» — гумавым клеем), і раствор афарбоўвае толькі не ўкрытыя лініі ці плоскасці малюнка. Іншыя колеры наносяць паэтапна афарбоўкай пасля зняцця частак васковага ўкрыцця. «Гарачы» батык здаўна вядомы ў народаў Інданезіі. На Беларусі тэхнікай батыку карысталіся з 18 ст. на ткацкіх мануфактурах кн. Радзівілаў у Міры і Карэлічах для вырабу палатняных шпалераў, якімі абівалі пакоі палацаў. Бел. мастакі выкарыстоўваюць батык з пач. 1930-х г. У тэхніцы «гарачага» батыку мастакі ствараюць буйнамаштабныя творы для грамадскіх інтэр’ераў, сюжэтна-тэматычныя і дэкаратыўныя пано для жылых інтэр’ераў. З 1970-х г. у тэхніцы «халоднага» батыку аздабляюць хусткі, шалікі, купоны для сукенак і блузак на Гомельскім камбінаце быт. паслуг, Мінскай ф-цы маст. галантарэі, Бабруйскай галантарэйнай ф-цы, па эскізах В.​Дзёмкінай, С.​Абрамовіч, Т.​Паплаўскай.

Літ.:

Корюкин В.Н. Батик: Худож. оформление тканей. Л., 1968.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Батык. В.​Дзёмкіна. На строме часу. 1986.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБЕЛЕ́Н (франц. gobelin),

вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст. маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш. франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.

Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст. маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.​Люрса.

На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.​Кішчанка, А.​Бельцюкова, Г.​Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.​Грыдзіна, В.​Дзёмкіна, Г.​Крываблоцкая, В.​Крывашэева, В.​Маркавец-Бартлава, Л.​Пятруль, Н.​Пілюзіна, Л.​Пуцейка, А.​Салохіна, С.​Свістуновіч, Л.​Сівакова, Л.​Скрыпнічэнка, Г.​Стасевіч, Н.​Сухаверхава, Г.​Юзеева-Шаблоўская, Т.​Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар. нац. габелена.

Літ.:

Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.

Да арт. Габелен. П.​Бондар і Н.​Пілюзіна. Беларусь. 1982.
Да арг. Габелен. В.​Дзёмкіна. Дажынкі. 1994.
Да арт. Габелен. Г.​Стасевіч. Купалле. 1982.
Габелен у інтэр’еры базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).

т. 4, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)