ДЗЮКЛО́ (Duclaux) П’ер Эміль
(24.6.1840, г. Арыяк, Францыя — 3.5.1904),
французскі мікрабіёлаг і хімік. Чл. Парыжскай АН (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1862). Працаваў з Л.Пастэрам. З 1895 дырэктар Пастэраўскага ін-та. Навук. працы па біяхіміі. Даследаваў хім. састаў малака, малочнакіслае браджэнне, уздзеянне сычужнага ферменту, састаў і ўтварэнне розных сыроў. Прапанаваў метад вызначэння лятучых кіслот шляхам фракцыйнай перагонкі. Вывучаў з’яву осмасу і руху вадкасці ў капілярах. Адстойваў мікробную тэорыю хвароб. Аўтар 4-томнага твора «Мікрабіялогія» (1898—1901).
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮКЛО́ (Duclos) Жак
(2.10.1896, г. Луэ, Францыя — 25.4.1975),
палітычны дзеяч Францыі, дзеяч міжнар. камуніст. руху, журналіст. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл. (з 1921) і адзін з кіраўнікоў (1926—64) Франц. камуніст. партыі (ФКП). Чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала (1935—43). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў франц. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. Віцэстаршыня Устаноўчага сходу (1945—46). Дэп. ніжняй палаты парламента (1926—32, 1936—39, 1946—58), сенатар (з 1959). Кандыдат у прэзідэнты Францыі ад ФКП на выбарах 1969. Быў сувыдаўцом газ. «L’Humanité» («Чалавецтва») і дырэктарам газ. «Voix de l’Est» («Голас Усходу»), Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1968—72), кніг «Будучыня дэмакратыі» (1962), «Бакунін і Маркс: цень і святло» (1974) і інш.
У.Я.Калаткоў.
т. 6, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дзюкло Ж. 4/213, 410; 5/532; 8/295
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)