Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ДЗЭН (яп., ад санскр. дх’яна — медытацыя),
адна з плыней у яп. будызме. Сфарміравалася на аснове чань-будызму. прыйшла ў Японію з Кітая ў канцы 12 ст.Асн. ідэя Дз. — магчымасць спасціжэння пры дапамозе медытацыі сваёй пачатковай прыроды, тоеснай «сутнасці Буды». Прабуджэнне (саторы) суадносяць з спасціжэннем сапраўднай прыроды рэчаў, іх патаемнай сутнасці і ўсведамленнем свайго дачынення да ўсяго існага. Адрозніваюць «малое саторы», калі сапраўднае разуменне рэчаў толькі прыадкрываецца на кароткі момант, і «вялікае саторы», што вядзе да духоўных змен. Для дасягнення саторы выкарыстоўваюць «сядзячую медытацыю», якая прадугледжвае пазбаўленне ад думак і вобразаў (даадзэн) і практыку пастаноўкі і рашэння асобых парадаксальных задач, накіраваных на фарміраванне інтуітыўнага цэласнага спасціжэння рэальнасці (коан). Найб. пашыраны кірунак Дз. Рындзай-сю, успрыняты імператарскім акружэннем, самурайствам. Другі кірунак, Сота-сю, распаўсюдзіўся ў правінцыях, знайшоў падтрымку ў мясц. феадалаў. Паслядоўнікі Дз. лічаць свяшчэнныя трактаты другаснымі, бо патаемныя ісціны перадаюцца непасрэдна ад настаўніка вучню («ад сэрца да сэрца»). Дз. у многім вызначыў кодэкс самурайскага гонару бусідо. Прынцыпы Дз. (спантаннасць, натуральнасць, гармонія, прастата) паўплывалі на фарміраванне традыц. мастацтваў: каліграфіі, жывапісу, паэзіі, л-ры, музыкі, чайнай цырымоніі, кампазіцыі садоў і ландшафтаў, баявых мастацтваў і інш. Пік захаплення Дз. за межамі Японіі прыпадае на 1960-я г. і звязаны з маладзёжным рухам пратэсту. Манастыры і цэнтры па вывучэнні Дз. існуюць у ЗША, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Беларусі цікавасць да Дз. звязана найперш з распаўсюджаннем з 1970-х г.яп. баявых мастацтваў.
Літ.:
Абаев Н.В. Чань-буддизм и культурно-психологические традиции в средневековом Китае. Новосибирск, 1989;
Кацуки С. Практика Дзэн. Железная флейта: (100 коанов Дзэна): Пер. с англ. Киев, 1993.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КАВАБА́ТА (Ясунары) (11.6.1899, г. Осака, Японія — 16.4.1972),
японскі пісьменнік. Чл.Яп.АМ (1954). Скончыў Такійскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1921. У пач. 1920-х г. прымыкаў да мадэрнісцкай групы неасенсуалістаў. Першая аповесць «Танцоўшчыца з Ідзу» (1925, экранізацыя 1935) прасякнута гуманізмам. На асаблівасць яго маст. стылю паўплывала эстэтыка дзэн, якая адвяргае ўскладненае ўспрыманне свету і сцвярджае прынцып натуральнасці, адназначнасці (лірычныя аповесці «Вясёлыя дзяўчаты Асакуса», 1929, «Снежная краіна», 1937). У аснове аповесці «Тысячакрылы журавель» (1951) — стараж. чайная цырымонія, узведзеная да ўзроўню сапр. мастацтва. Аўтар раманаў «Стогн гары» (1954), «Старая сталіца» (1961). Нобелеўская прэмія 1968.
японскі паэт. Вывучаў паэт. майстэрства і каліграфію ў Кіёта. Вядомасць атрымаў як паэт камічнага рэнга. Пад уплывам дзэн-будызму стварыў паэт. жанр хайку (хоку), ператварыўшы традыц.яп. 17-складовы верш з лёгкай эпіграмы ў філас.паэт. мініяцюру. Паэт. спадчына М. і яго вучняў склала 7 анталогій: «Зімовыя дні» (1684), «Вясновыя дні» (1686), «Сцішанае поле» (1689), «Гарлянка» (1690), «Саламяны плашч малпы» (кн. 1—2, 1691—98), «Мяшок вугалю» (1694). Аўтар вандроўных дзённікаў («Косці, што бялеюць ў полі», «Лісты вандроўнага паэта», «Па сцежках Поўначы» і інш.), прадмоў да кніг і вершаў, пісьмаў. Паэзія і эстэтыка М. паўплывалі на развіццё яп. л-ры сярэдніх вякоў і новага часу. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Разанаў, Л.Баршчэўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),
разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).
Літ.:
Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,
кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц.канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл.Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.