Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ВІНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лучоса, за 30 км на Пн ад г. Орша. Пл. 2 км², даўж. 5,1 км, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 9,6 м, даўж. берагавой лініі каля 14 км. Пл. вадазбору 26,9 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м, пад лугам ці разараныя, асобныя ўчасткі параслі лесам. Берагі выш. 0,3—0,4 м, пад хмызняком. Падводная ч. катлавіны ўскладняецца мелямі і ўпадзінамі. Востраў пл. 0,2 га. Прыбярэжную зону да глыб. 3 м высцілаюць пяскі, глыбакаводную — сапрапелі і глеі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м. У возера ўпадаюць 9 ручаёў і каналаў, на Пн выцякае р. Серакаратнянка. Уваходзіць у зону адпачынку Дзевінскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫШЭ́ВА,
возера ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лучоса. За 46 км на У ад г. Сянно. Пл. 0,52 км². Даўж. 1,22 км, найб.шыр. 0,74 км, найб.глыб. 2,4 м. Пл. вадазбору каля 6 км². Даўж. берагавой лініі 3,2 км. Берагі нізкія, сплавінныя. Дно выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Схілы катлавіны да 3 м пад лесам. Зарастае да глыб. 1 м. Упадае ручай, выцякаюць рэкі Зелянуха і Ардышэўка, ручай у воз.Дзевінскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧО́СКАЯ НІЗІ́НА, Лучосы нізіна,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПдУ Віцебскай вобл. На Пд мяжуе з Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўнінай і Аршанскім узвышшам, на З — з Чашніцкай раўнінай, на Пн — з Віцебскім узвышшам, на У заходзіць у межы Расіі. 3 Пн на Пд працягнулася на 50 км, з 3 на У — 50—60 км. Пл. 2,3 км². Выш. 155—175 м.
Л.н. прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Асадкавы чахол складзены з парод сярэднерыфейска-ніжнявендскага комплексу, сярэдняга і верхняга дэвону. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 60 м) характэрны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення на месцы Л.н. існаваў прыледавіковы вадаём. Пры адступленні ледавіка на Пн узнікла мелкаводнае Лучоскае воз., на месцы якога пасля спуску вод р. Лучосай утварылася азёрна-ледавіковая нізіна з рэшткавымі азёрамі.
Паверхня нізіны спадзіста-хвалістая, месцамі плоская, парэзаная далінамі рэк, лагчынамі сцёку і катлавінамі. Ваганні адносных выш. да 3 м. Аднастайнасць рэльефу парушаецца дзюнамі, радзей озамі. На Пн і У захаваліся астанцы марэннай раўніны і размытыя марэнныя ўзгоркі з адноснымі выш. 5—15 м. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, торф. Асн.р. Лучоса з прытокамі Абалянка, Чарніца, Сухадроўка; на Пд працякае р. Аршыца (прыток Дняпра). Лучоса выкарыстоўвалася на водным шляху (шлях «з варагаў у грэкі») ад Зах. Дзвіны да Дняпра. Азёры: Вял. Арэхаўскае, Серакаротня, Дзевінскае, Казённае, Зелянское, Скрыдлева, Кічына і інш. Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба і сярэдне ападзоленыя, дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. На Пн і ПдУ пераважаюць буйныя масівы драбналістых лясоў (бародаўчатабярозавыя, шэраальховыя, асінавыя), уздоўж рэк Лучоса і Чарніца — хваёвыя; невял. масівамі трапляюцца яловыя лясы. Балоты вярховага і нізіннага тыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ РАЁН,
на ПдУ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,7 тыс.км. Нас. 44,8 тыс.чал. (1995), сярэдняя шчыльн. 26,4 чал./км², гарадскога 12%. Цэнтр — г.Орша; г. Барань, г.п. Арэхаўка і Копысь. 261 сельскі нас. пункт. 18 сельсаветаў: Браздзетчынскі, Веравайшанскі, Высокаўскі, Дубраўскі, Задроўеўскі, Зубаўскі, Клюкаўскі, Крапівенскі, Кудаеўскі, Ліпкаўскі, Малатынскі, Межаўскі, Панізоўскі, Першамайскі, Пішчалаўскі, Смалянскі, Стайкаўскі, Якаўлевіцкі.
Размешчаны ў межах Аршанскага ўзвышша і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паўночная ч. занята Лучоскай нізінай. Паверхня пераважна ўзгорыстая і платопадобная. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 237,5 м (на ПнЗ ад в. Стайкі). Карысныя выкапні: торф, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 дні. Рэкі: Дняпро з прытокамі Аршыца і Адроў (справа), Крапівенка і Лешча (злева). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,43 км/км². Азёры: Вял. Арэхаўскае, Дзевінскае, Перавалачна, Кузьміно, Карэсіна. Пад лясамі 23% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, асінавыя і альховыя. Агульная пл. балотаў 4,2 тыс.га. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (67,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,3%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (3%), тарфяна-балотныя (3%), поймавыя (2,5%); паводле мех. складу — сугліністыя (84,9%), супясчаныя (11,4%), тарфяныя (3%), пясчаныя (0,7%).
Пад с.-г. ўгоддзямі 107 тыс.га, з іх асушаных 11,7 тыс.га. На 1.1.1995 у Аршанскім раёне 23 калгасы і 10 саўгасаў. Развіты льнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінаводства і птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (кафля, цэгла, жалезабетонныя вырабы), металаапрацоўцы (лёгкае машынабудаванне, станкабудаванне), лёгкай (тэкст., швейная), харч. прам-сці. БелДРЭС. Здабыча торфу. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі ад Оршы на Мінск, Магілёў, Крычаў, Віцебск, Лепель. Найб. значныя аўтадарогі Брэст—Масква і Магілёў—Віцебск. Магістральны газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы і нафтаправод на Наваполацк (адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба»). У раёне Смалянскі саўгас-тэхнікум, Высокаўскае СПТУ, 26 сярэднеагульнаадук., 7 базавых, 11 пач. школ, 2 муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 4 клубныя і 58 бібліятэчных устаноў, 6 бальніц, 28 фельч.-ак. пунктаў. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Архітэктурныя помнікі ў в. Смаляны: касцёл дамініканцаў (18 ст.), руіны замка (17 ст.), Спаса-Праабражэнская і Аляксееўская цэрквы (18 ст.). Помнікі прыроды — Высокаўскі і Межаўскі паркі. Выдаецца «Аршанская газета».