Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВІ́НСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная вобласць на Русі ў бас.Паўн. Дзвіны ў 11—15 ст. Уключала ч. сучаснай Архангельскай вобл. на Пн ад Волга-Паўночнадзвінскага водападзела — «валокі» (наз. таксама Завалочча). Насельніцтва займалася земляробствам, пушным і рыбным промысламі. З 11 ст. ўладанне Ноўгарада. У 14—15 ст. за валоданне Дз.з. з Ноўгарадам сапернічала Масква. У 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВІ́НСКАЯ ГУБА́, Дзвінскі заліў,
заліў каля паўд.-ўсх.ч. Белага м.Даўж. 93 км, шыр. каля ўваходу 130 км, глыб. ад 15—22 да 120 м (на ПнЗ). Зімой замярзае. Летам у Дз.г. адзначаецца найб. высокая т-ра вады ў Белым м. (да 12 °C). Прылівы паўсутачныя (да 1,4 м). Упадае р.Паўн. Дзвіна, у дэльце якой парты Архангельск і Северадзвінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,
ваенна-тэр. адзінка ў Расіі ў час 1-й сусв. вайны. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваен. акругі; тылавы раён Паўн.-Зах., з 1915 — Паўн. франтоў. Тэр. акругі ў выніку ваен. дзеянняў неаднаразова мянялася, у 1917 уключала Віцебскую, Пскоўскую і частку Ліфляндскай губ. Штаб дыслацыраваўся ў Вільні, а пасля яе здачы ў жн. 1915 — у Віцебску. Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкай усяго неабходнага для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, загадвала ўсімі ваен. ўстановамі, займалася пытаннямі цэнзуры і контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны вясною 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЁПРА-ДЗВІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ўсходнебалцкіх плямён, якія ў 8 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Сярэднім Падзвінні і ў вярхоўях р. Вялікая. Асн. тып пасяленняў — умацаваныя пасёлкі-гарадзішчы плошчай ад 500 да 2500 м² (на Беларусі каля 200). Жылыя пабудовы наземныя, слупавой канструкцыі.
Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, пазней лядным земляробствам і рамёствамі. Сярод знаходак пераважаюць вырабы з каменю і косці (каменныя клінападобныя і свідраваныя сякеры, зерняцёркі і інш.), на познім этапе (1—5 ст.н.э.) — жал. прылады і зброя (сярпы з шырокім лязом і выгнутай спінкай, нажы, шылы, наканечнікі коп’яў і стрэл і інш.) Кераміка — гладкасценны слабапрафіляваны посуд, пераважна слоікападобных формаў, арнаментаваны скразнымі адтулінамі, пракрэсленымі касымі лініямі, ямкавымі ўцісканнямі. У навук. ўжытак тэрмін «Д.-дз.к.» ўвёў А.Р.Мітрафанаў.
Літ.:
Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.
В.І.Шадыра.
Посуд днепра-данецкай культуры. Рэканструкцыя.Прылады працы, упрыгожанні і кераміка днепра-дзвінскай культуры.