Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАПЯ́ТЫ (Tarsius),
адзіны род сям. даўгапятых атр. прыматаў. 3 віды: Д. філіпінскі, або сірыхта (T. syrichta), Д. заходні, або банканскі (T. bancanus) і Д.-здань, або ўсходні, ці макі-дамавы (T. spectrum). Пашыраны на а-вах Малайскага архіпелага. Жывуць у трапічных дажджавых лясах, зарасніках кустоў на нізінных участках і па берагах рэк. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 8—16 см, хваста 13—27 см, Maca 80—165 г. Футра густое, шэра-карычневае.
Галава вял., паварочваецца на 180°. Вочы вял., ярка-жоўтыя, свецяцца. Вушы голыя, рухомыя. Заднія канечнасці больш доўгія за пярэднія за кошт падаўжэння пятачнай косці (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, яшчаркамі. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ПСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У Афрыцы на Пд ад 20°паўд. ш., уваходзіць у царства Палеагею (гл.Царствы біягеаграфічныя). Лічыцца таксама, што К.б.в. — падвобласць Эфіопскай біягеагр. вобл.
Займае пустынныя і паўпустынныя раёны з разнастайнымі ландшафтамі. Вызначаецца вял. фларыстычнай своеасаблівасцю. Сустракаецца каля 7000 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш палавіны эндэмікі (прадстаўнікі 7 сям.: амарылісавыя, касачовыя, пратэйныя і інш.). Найб. характэрныя сям. раслін — бабовыя, верасовыя, касачовыя, пратэйныя, складанакветныя і інш. Флора мае генет. сувязі з трапічнай Афрыкай, Міжземнамор’ем і шэрагам абласцей Паўд. паўшар’я, асабліва з Аўстралійскай біягеаграфічнай вобласцю. Фауна адносна бедная. Некат. групы беспазваночных (напр., перыпаты) з’яўляюцца рэліктамі. З насякомых эндэмічныя жук-алень, некат. саранчовыя. Сярод птушак эндэмічныя 15 родаў з 297. Сярод 83 родаў млекакормячых 8 эндэмічных (віверы, некат. грызуны, даўгапяты, златакраты, трубказубы). Характэрныя жывёлы — антылопа скакун, бурая гіена, віверы, даўганогі, квага.
Да арт.Капская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — даўгапят; 2 — сурыката; 3 — даўганог; 4 — скакунчык; 5 — даман; 6 — трубказуб.