Да́рый

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. Да́рый Да́рыі
Р. Да́рыя Да́рыяў
Д. Да́рыю Да́рыям
В. Да́рыя Да́рыяў
Т. Да́рыем Да́рыямі
М. Да́рыю Да́рыях

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ДА́РЫЙ,

імя цароў дынастыі Ахеменідаў у стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржаве.

Дарый I Вялікі (550—486 да н.э.), цар у 522—486 да н.э. Стаў правіць пасля забойства Гаўматы. У выніку ліквідацыі ў 522—521 паўстанняў у Вавілоніі, Персіі, Мідыі, Маргіяне, Эламе, Егіпце, Парфіі, Сатагідыі і скіфскіх плямён у Сярэдняй Азіі, заваявання персамі ў 519—512 Фракіі, Македоніі і паўн.-зах. ч. Індыі аднавіў магутнасць дзяржавы Ахеменідаў. Каб палепшыць кіраванне дзяржавай, каля 519 ініцыіраваў правядзенне адм.-фін. і інш. рэформаў: падзел дзяржавы на 20 адм.-падатковых акруг (сатрапій) на чале з цывільнымі намеснікамі (сатрапамі), увядзенне агульнадзярж. манетнай адзінкі (гл. Дарык), рэарганізацыя кіравання арміяй (военачальнікі сталі незалежнымі ад сатрапаў і падпарадкоўваліся непасрэдна цару), наладжванне рэгулярнай паштовай службы і інш. У 513—511 здзейсніў няўдалы паход супраць скіфаў. Пры Д. I актывізаваліся знешні гандаль і буд-ва, пачаліся грэка-персідскія войны.

Дарый II Нот (?—404 да н.э.). цар у 424—404 да н.э. Сын Артаксеркса I. Правіў ва ўмовах аслаблення магутнасці дзяржавы Ахеменідаў (сепаратызм і міжусобіцы сатрапаў, антыперс. паўстанні паміж 411—408 да н.э. ў Малой Азіі, Мідыі, Егіпце).

Дарый III Кадаман (каля 380 — ліп. 330 да н.э.), апошні ахеменідскі цар [336—330 да н.э.]. Да ўступлення на прастол быў сатрапам Арменіі. У канцы 335 заваяваў Егіпет. Пасля разгрому сваёй арміі войскамі Аляксандра Македонскага пры р. Гранік (334), Ісе (333) і Гаўгамелах (331) уцёк у Бактрыю, дзе забіты сатрапам Бесам.

Аўдыенцыя ў Дарыя I Вялікага. Рэльеф са скарбніцы у Персеналі. 6—5 ст. да н.э.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дарый I 4/152; 6/163

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Дараявауш, гл. Дарый I

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎМА́ТА, Ілжэбардыя (? — 29.9.522 да н.э.),

мідыйскі маг (жрэц). У 522 да н.э. выступіў супраць перс. Цара Камбіса, сына Кіра II. Выдаў сябе за тайна забітага Бардыю (Смердыса) — брата Камбіса і замацаваўся на троне. Завалодаў б.ч. Ахеменідаў дзяржавы. Імкнуўся перацягнуць на свой бок заваяваныя персамі краіны, вызваліў іх на 3 гады ад падаткаў. Забіты змоўшчыкамі на чале з Дарыем (гл. Дарый I).

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТРА́ПІЯ,

ваенна-адм. адзінка (правінцыя, якую ўзначальваў сатрап у персідскай Ахеменідаў дзяржаве). У канцы 6 ст. да н.э. Дарый I падзяліў дзяржаву на 20 сатрапій, потым іх колькасць і межы часта мяняліся. Кожная з С. плаціла вызначаную даніну і магла мець уласныя законы і афіц. мову (ці мовы). Як адм. адзінка С. захоўвалася ў дзяржавах Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Сасанідаў, Парфянскім царстве.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ТЭФЕНД ((Grotefend) Георг Фрыдрых) (9.6.1775, г. Мюндэн, Германія — 15.12.1853),

нямецкі філолаг і асірыёлаг. Працуючы выкладчыкам гімназіі ў Гётынгене (1797—1803), пачаў дэшыфроўку стараж.-перс. клінапісу. За аснову дэшыфроўкі ўзяў 2 надпісы персідскіх цароў Ахеменідаў. Зыходзячы з паўтаральнасці ў гэтых надпісах разгаданага ім слова «цар» і абапіраючыся на паслядоўнасць лагічных разважанняў, прачытаў у 1802 пачаткі гэтых надпісаў: першага як «Дарый, цар вялікі, цар цароў, Гістаспа сын, Ахеменід», і другога як «Ксеркс, цар вялікі, цар цароў, Дарыя цара сын, Ахеменід».

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРКС I (стараж.-перс. Хшаяршан, грэч. Xerxēs; ? — 465 да н.э.),

старажытнаперсідскі цар [486—465 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Дарыя I (гл. Дарый) і Атосы, дачкі Кіра ІІ. Задушыў паўстанне егіпцян (486—484 да н.э.). Пасля пачатку ў 482 паўстання вавіланян разбурыў г. Вавілон, а Вавілонію ператварыў у перс. сатрапію (правінцыю). Няўдачы К. ў грэка-персідскіх войнах (паражэнні каля Саламіна ў 480, Мікале ў 479, Платэяў у 479) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Каб умацаваць цэнтралізацыю дзяржавы, правёў рэліг. рэформу. Забіты ў выніку дварцовай змовы.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕХЗА́Д (Кемаледдзін) (1450-я г., г. Герат, Афганістан — 1535 ці 1536),

мініяцюрыст, прадстаўнік герацкай школы мініяцюры. Вучыўся ў Гераце. Майстар вытанчаных па малюнку і гучных па колеры, то экспрэсіўных, то лірычных шматфігурных дынамічных кампазіцый і партрэтаў. Сярод работ: мініяцюры рукапісу «Зафар-намэ» Шараф-эд-дзіна Алі Іездзі (каля 1494), ілюстрацыі да паэмы «Бустан» Саадзі (1487—88), да рукапісаў «Хамсе» Нізамі (мініяцюры 1493—94), партрэт Султана-Хусейна Байкара (1480-я г.) і інш.

К.Бехзад. Будаўніцтва мячэці. Мініяцюра да рукапісу «Зафар-намэ» Іездзі. Каля 1494.
К.Бехзад. Цар Дарый і пастухі. Мініяцюра да паэмы «Бустан» Саадзі. 1487—88.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГІЯ́НА (грэч. Margianē, стараж.персідскае Маргуш),

назва стараж. вобласці ў Сярэдняй Азіі, па цячэнні р. Мургаб (на ПдУ сучаснай Туркменіі і Пн Афганістана). Упершыню згадваецца ў «Авесце» і надпісе на скале Бехістун. М. межавала на З з Парфіяй, ПнУ з Согдам, У з Бактрыяй, на Пд з Арэяй. Сталіца М. знаходзілася ў раёне Стараж. Мерва. У 522 да н.э. ў М. адбылося нар. паўстанне супраць улады Ахеменідаў, задушанае царом Дарыем I Вялікім (521; гл. ў арт. Дарый). Потым М. паслядоўна ўваходзіла ў склад дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Парфянскага царства. У сярэдневякоўі землі М. ўвайшлі ў Харасан.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)