(1444, Ферміньяна, каля г. Урбіна, Італія — 11.3.1514),
італьянскі архітэктар Высокага Адраджэння. Пабудаваў у Мілане цэрквы Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83), Санта-Марыя дэле Грацые (1492—97) і інш., у Павіі — ніжнія часткі сабора (1488—92), у Віджэвана — гал. плошчу (1493—98). У Рыме дабудаваў палац Канчэлерыя з вял. дваром, абкружаным аркадамі (1499—1511), стварыў капліцу-ратонду Тэмп’ета ў двары кляштара Сан-П’етра ін Манторыо (1502). У Ватыкане стварыў двары Бельведэр (1503—05) і Сан-Дамаза (каля 1510), да канца жыцця праектаваў і будаваў сабор св. Пятра ў Рыме. Яго пабудовы вылучаюцца стройнай велічнасцю, гарманічнай дасканаласцю, цэласнасцю і яснасцю кампазіцыйнага і прасторавага вырашэння, творчым выкарыстаннем класічных формаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАТЭ́ЛА
(Donatello; сапр.Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),
італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).