Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕНІКІ́НА [Domenichino; сапр.Цамп’еры
(Zampieri) Даменіка; 21.10.1581, г. Балоння, Італія — 6.4.1641),
італьянскі жывапісец-акадэміст, прадстаўнік балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Балонні ў Л.Карачы. З 1602 працаваў пераважна ў Рыме. Творам Д. (фрэскі ў рымскіх цэрквах Сан-Луіджы дэі Франчэзі, 1616—17, і Сант-Андрэа дэла Вале, 1624—28; карціны «Апошняе прычасце св. Іераніма», 1614, «Паляванне Дыяны», 1617—18) уласцівы цэльная кампазіцыя, выразны ідэалізаваны малюнак, стракаты лакальны каларыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
школа італьян. жывапісу. Узнікла ў г. Балоння каля 1585 пасля заснавання братамі Карачы «Акадэміі тых, хто стаў на правільны шлях», дала пачатак развіццю акадэмізму ў еўрап. мастацтве і будучых акадэмій мастацкіх. Пад гэтым тэрмінам маюць на ўвазе адну з плыняў у італьян. жывапісе перыяду фарміравання і росквіту барока.
У канцы 16—17 ст. мастакі Балонскай школы жывапісу Карачы, Г.Рэні, Гверчына, Даменікіна апіраліся на вонкавае ўспрыманне маст. прыёмаў майстроў высокага Адраджэння, выпрацавалі эфектыўныя дэкар. кампазіцыі на рэліг. і міфалагічныя тэмы, манум.-дэкар. размалёўку, распрацавалі тыпы манум. алтарнай карціны і т.зв. гераічнага пейзажа. У далейшым акадэмізм алонскай школы ператварыўся ў безжыццёвую маст. плынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСЭ́Н ((Poussin) Нікала) (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),
французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.Варэна. Зазнаў уплывы А.Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў ў Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).
Тв.:
Рус.пер. — Письма. М.; Л., 1939.
Літ.:
Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;
М., 1964;
Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.