Дамейкіт (мінерал) 4/131

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕЙКІ́Т

(ад прозвішча бел. геолага І.І.Дамейкі),

мінерал, прыродны арсенід медзі, Cu3As. Крышталізуецца ў кубічнай і гексаганальнай сінганіях з т-рай пераходу 225 °C. Агрэгаты шчыльныя, пупышка- і гронкападобныя. Колер серабрыста-белы, шэры, з жаўтавата-бурай пабегласцю. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 7,5 г/см³. Крохкі. Гідратэрмальнага паходжання, асацыіруе з самароднымі меддзю, серабром, сульфідамі медзі і арсенідамі нікелю, кобальту і інш.

т. 6, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕ́ЙКА Ігнат Іпалітавіч

(31.7.1802, маёнтак Мядзведка, Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 23.1.1889),

геолаг, мінералог, даследчык Чылі. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, дзе скончыў Горную школу (1836). З 1838 у Чылі, арганізаваў вывучэнне геалогіі і мінералогіі Андаў, пустыні Атакама і аўтаномнай прав. Араўканіі на Пд Чылі; заснаваў метэаралагічную службу; стварыў этнагр. музей, Горную школу ў г. Какімба (з 1838 праф.); адкрыў медныя і сярэбраныя капальні, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры; увёў метрычную сістэму вагі і мер; напісаў падручнікі па мінералогіі і метэаралогіі. У 1866—83 абраны рэктарам ун-та ў Сант’яга. У 1884 наведаў радзіму (Мядзведка, Мір, Крошын). Чылійскі ўрад абвясціў Д. нац. героем. Яго імем названы: мінерал дамейкіт, выкапнёвы слімак, фіялка, аманіт чылійскі; горад у Араўканіі на Пд, рабочы пасёлак паблізу порта Антафагаста на Пн Чылі, хрыбет у Андах (Кардыльера-Д.); ун-т і нац. б-ка ў Сант’яга. У яго гонар выбіты медаль і пастаўлены помнік у Сант’яга. У б. фальварку Д. (в. Заполле Лідскага р-на) адкрыты музей.

Тв.:

Moje podróze: Pamiętniki wygnańca. T. 1—-3. Wrocław etc., 1962—63.

Літ.:

Мальдзіс A Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.;

Szwejcerowa A. Jgnacy Domeyko. Warszawa, 1975;

Wójcik Z. Jgnacy Domeyko. Warszawa;

Wroclaw, 1995.

В.А.Ярмоленка.

І.І.Дамейка.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)