Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
АТАКА́МА (Atacama),
пустыня ў Паўд. Амерыцы, на Пн Чылі, уздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Даўж. каля 1000 км. Уключае Берагавую Кардыльеру (выш. да 3200 м), зах. схілы Кардыльеры-Дамейкі (да 4325 м) і паміж імі Падоўжаную даліну (выш. каля 500 м). Пераважаюць камяністыя і друзавата-галечнікавыя абшары, месцамі рухомыя пяскі. Радовішчы салетры, буры, ёду, кухоннай солі, медных рудаў.
Клімат трапічны, пасатны, адносна халаднаваты пад уздзеяннем халоднага Перуанскага цячэння. На ўзбярэжжы сярэдняя т-ра студз. 19—20 °C, ліп. 13—14 °C, у Падоўжанай даліне адпаведна 22—23 °C і 11—12 °C. Ападкаў менш за 50 мм за год (полюс сухасці мацерыка). Для ўзбярэжжа Атакамы зімой і вясной характэрны высокая адносная вільготнасць, якая дасягае 82%, частыя туманы і імжа. Вадацёкаў мала, у Ціхі ак. упадае р. Лоа. Укрыта пяскамі і саланчакамі; рэдкія ксерафітныя хмызнякі, кактусы. Жывёльны свет: агуарачай, браняносец, чарапахі, змеі, яшчаркі; з птушак — грыф, трусіная сава, мухалоўка, калібры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ РАЁН.
На Пн Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (з 1962 у сучасных межах). Пл. 1,6 тыс.км2. Нас. 47,3 тыс.чал. (1998, без г. Ліда), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км2. Цэнтр — г.Ліда. Уключае г.Бярозаўка, рабочы пас.Першамайскі, 276 сельскіх нас. пунктаў, 15 сельсаветаў: Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Ганчарскі, Гасцілаўскі, Голдаўскі, Дакудаўскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Крупаўскі, Пескаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі, Хадаравецкі.
Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Лідскай раўніны і Нёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 130—180 м, найвыш. пункт 207 м (за 8 км на Пн ад г. Ліда). Карысныя выкапні: торф, пясок, жвір, гліна, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,7 °C, ліп. 17,6 С. Ападкаў 604 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. З ПнУ на ПдЗ уздоўж мяжы з Навагрудскім і Дзятлаўскім р-намі працякае р. Нёман з прытокамі Гаўя (з Жыжмай), Дзітва (з Лідзеяй), Лебяда, Нарва. Азёры Вялічкаўскае і Глухава. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (50,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,5%), тарфяна-балотныя (14,8%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,7%) і інш. Пад лесам 27% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, найб. масівы на У (частка Нёманскіх лясоў). Балоты займаюць 13,4% тэр. раёна, з іх асушана каля 7,2 тыс.га, найб.вял.Дакудаўскае балота, Жыжма. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Дакудаўскі, мясцовага — гідралагічныя Хвалькоўшчына, Тарноўскі, Бярэзіна. Помнікі прыроды: рэсп. значэння парк «Бальцінікі» і ўрочышча Гаік каля в. Крупава, насаджэнне (дуб, асіна, елка) ва ўрочышчы «Аступ» каля в. Мінойты; мясцовага — парк «Гарні» ў в. Гарні (закладзены ў 1881).
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 76,7 тыс.га, з іх асушаных 29,1 га. На 1.1.1999 у раёне 14 калгасаў, 5 саўгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), шкляной (шклозавод «Нёман» ў г. Бярозаўка), харч. прам-сці, першаснай апрацоўкі лёну. Ветсанутыльзавод па вырабе мяса-касцявой мукі (у в. Даржы). Лясгас (вытв-сць піламатэрыялаў). Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Маладзечна—Ліда—Гродна, Вільнюс—Баранавічы; аўтадарогі на Гродна, Вільнюс, Іўе, Слонім, Навагрудак; газаправод Івацэвічы—Вільнюс з адгалінаваннямі на гарады Шчучын і Бярозаўку. У раёне 22 сярэднія, 12 базавых, 7 пач., 3 муз., 1 спарт. школы, дзіцяча-юнацкі цэнтр, 27 дашкольных устаноў, 32 дамы культуры і клубы, 48 б-к, 7 бальніц, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, пункт хуткай дапамогі. Музеі: гісторыі і прыроды (в. Бердаўка), этнаграфіі (в. Дзітва), музей Ігната Дамейкі (в. Крупава). Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (1810) у в. Бабры, Міхайлаўскі касцёл (пач. 20 ст.) у в. Белагруда, капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.) у в. Беліца, Пакроўская царква (1774) у в. Ганчары, царква Раства Багародзіцы (1795) у в. Голдава, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Збляны, сядзіба (жылы дом, маслабойня, стайня, парк, 19 ст.) у в. Малое Мажэйкава, касцёл (19 ст.) у в. Няцеча, сядзіба (жылы дом, стайня, лядоўня, ветраны млын, сквер, канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Тарнова. Старажытны цэнтр ручнога маст. ткацтва ў в. Збляны. Выдаецца «Лідская газета».