ДАЛМА́ЦЫЯ (Dalmacija),

гістарычная вобласць на Адрыятычным узбярэжжы Балканскага п-ва (разам з Далмацінскімі а-вамі) на тэр. Харватыі і Чарнагорыі. У старажытнасці была населена ілірыйскімі плямёнамі далматаў (адсюль назва), на прылеглых астравах з 4 ст. да н.э. існавалі грэчаскія гандл. калоніі. У 168—155 да н.э. і пазней заваявана рымлянамі, з 9 н.э. рым. правінцыя з цэнтрам у раёне сучаснага г. Спліт. З 395 у складзе Зах. Рым. імперыі, з 489 у дзяржаве остготаў, з 535 пад уладай Візантыі. У 6—7 ст. заселена славянамі, пазней прынята хрысціянства. У 9—10 ст. пад уладай Харвацкай дзяржавы, з 1102 у Венгерскім каралеўстве. У 12 — пач. 15 ст. росквіт сярэдневяковых гарадоў-камун (Задар, Спліт, Дуброўнік, Котар і інш.). У 1420—1797 Д. (акрамя Дуброўніцкай рэспублікі) — уладанне Венецыі (у 16 ст. ўнутр. раёны Д. заваяваны туркамі), у 1797—1918 —Аўстрыі (у 1806—13 было падпарадкавана Францыі, у т. л. ў складзе Ілірыйскіх правінцый з 1809). З 1918 Д., акрамя гарадоў Задар (Зара), Рыека (Фіуме) і некалькіх астравоў, якія ўвайшлі ў склад Італіі, у Каралеўстве сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну б.ч. Д. анексіравана Італіяй (1941). З 1945 у складзе Харватыі (асн. частка) і Чарнагорыі (крайні Пд).

Літ.:

Фрейденберг М.М. Деревня и городская жизнь в Далмации XIII—XV вв. Калинин, 1972.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Далма́ция Далма́цыя, -цыі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Dalmatia

[dælˈmeɪʃə]

Далма́цыя

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Dalmacja

ж. Далмацыя

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ДУБРО́ЎНІЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА Існавала на частцы тэр. Харватыі (у гіст. вобласці Далмацыя) у 12 — пач. 19 ст. Гл. ў арт. Дуброўнік.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ПА (Марк Віпсаній) (Marcus Vipsanius Agrippa; каля 63, Далмацыя — 12 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч, паплечнік Аўгуста. Консул у 37, 28 і 27. Атрымаў перамогі каля Перузіі ў 40 да н.э., у марскіх бітвах каля Мілаў у 36 над Секстам Пампеем, каля мыса Акцый 2.9.31 над Клеапатрай і Антоніем. Фінансаваў буд-ва ў Рыме Пантэона, водаправода, тэрмаў і інш. Пад яго кіраўніцтвам праведзена геад. здымка ўсёй Рым. імперыі, на аснове якой складзена карта свету.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛМА́ТАЎ (сапр. Лучыч Васіль Панцеляймонавіч; 1852, вобл. Далмацыя, Югаславія — 27.2.1912),

рускі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у Адэсе. У 1873—76 у Маск. агульнадаступным т-ры, у 1880—84 у маскоўскіх т-рах Пушкінскім і Ф.​Корша, у 1884—94 і з 1901 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Яго мастацтва вызначалася высокай культурай, філіграннай дакладнасцю, уменнем ствараць тыповыя вобразы. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, кароль Лір (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Агішын («Жаніцьба Бялугіна» А.​Астроўскага і М.​Салаўёва), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Ракіцін, граф Любін («Месяц у вёсцы», «Правінцыялка» І.​Тургенева). Аўтар п’ес, фельетонаў, апавяданняў і аповесцей з тэатр. жыцця.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́НА (Salonae),

ілірыйскае паселішча за 5 км на Пн ад г. Спліт (Харватыя). У канцы 2—1 ст. да н.э. апорны пункт рымлян у Далмацыі; у 27 да н.э. атрымала статус рымскай калоніі. Пры Флавіях буйны гандл.-рамесны пункт правінцыі Далмацыя і яе адм. цэнтр. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. Разбурана аварамі і славянамі ў 6—7 ст. Захаваліся ўмацаванні з шматвугольнымі вежамі, рэшткі форума, амфітэатра 2 ст. н.э., храма 1 ст., тэрмаў і віл з мазаікамі, базілік 4—5 ст., ант. і раннехрысц. некропаляў, епіскапскага палаца, шматлікія творы ант. скульптуры (статуі, саркафагі з рэльефнымі выявамі), помнікі эпіграфікі і інш.

Руіны базілікі ў Салоне.

т. 14, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЖЫЧ ((Božič) Мірка) (н. 21.9.1919, Сінь, гіст. вобл. Далмацыя, Харватыя),

харвацкі пісьменнік. Правадз. чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.

Тв.:

Drame. Zagreb, 1950;

Novele. Zagreb, 1952;

Drame. Zagreb, 1960;

Рус. пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;

Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;

Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.

І.​А.​Чарота.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́НІЯ (Pannonia),

рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах. ч. сучаснай Венгрыі, паўн. ч. сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх. ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл. Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст. н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.

А.​У.​Казленка.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)