Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Добасна (р.), гл.Дабасна
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БАСНА, Дабасна, Добысна,
рака ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., Рагачоўскім і Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 81 км. Пл. вадазбору 874 км². Пачынаецца каля пас. Скачок Кіраўскага р-на. Цячэ ў межах паўн.ч. Гомельскага Палесся. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 700—900 м. Пойма двухбаковая, яе шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с. На рацэ вадасх.Добасна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́ННЕ,
2 курганныя могільнікі 11—12 ст. паміж в. Курганне Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. і р.Дабасна. У адным могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на спіне галавой на 3, трапляецца трупаспаленне. Знойдзены ганчарная кераміка, пярсцёнкападобныя і сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы; шкляныя, сердалікавыя, бурштынавыя і металічныя пацеркі; металічныя прылады працы і інш. Могільнік належаў радзімічам. У другім могільніку пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце і ў яме. Знойдзены ганчарная кераміка, жал. нож, шкляныя залачоныя і сердалікавыя, буйназярністыя яйкападобныя пацеркі. Належаў дрыгавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́БАЛАВА,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р.Дабасна, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 145 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 705 ж., 263 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Пятра і Паўла (1990). Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як вёска Рэчыцкага пав.ВКЛ. З 1595 мястэчка, мела каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы, пацверджаны ў 1788. Належала Зяньковічам, Варанецкім, Жукоўскім, Маліноўскім. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 у Бабруйскім пав. Мінскай губ., з 1865 належала Кутаеву. У 1880-я г. каля 300 ж., 50 двароў, царква, млын, 4 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Рагачоўскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, разбурана. Адноўлена пасля вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСАМБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створаны ў в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. У ансамбль уваходзяць палац, парк, 3 штучныя вадаёмы (рыбная гаспадарка). Палац пабудаваны ў 1830-я г. (арх. К.Падчашынскі) у стылі класіцызму. Спачатку ўзведзены гал. П-падобны 2-павярховы корпус, аздоблены порцікамі карынфскага ордэра: 6-калонным у цэнтры і 4-калоннымі на бакавых фасадах. Цэнтр.ч. вылучана бельведэрам над лесвічнай клеткай. Да паўн.-зах. тарца гал. корпуса пазней прыбудавана доўгае 2-павярховае крыло з палацавай царквой, якое замыкалася 2-павярховым корпусам з праезнай брамай. Фасады насычаны класіцыстычным арх. дэкорам. Інтэр’еры былі аздоблены пазалочанай лепкай, размалёўкай, дэкар. тканінамі і карцінамі (знішчаны ў 2-ю сусв. вайну). У будынку размешчаны саўгас-тэхнікум. Плошча парку 18 га (разам з пладовымі садамі і рыбнай гаспадаркай каля 100 га). У плане — выцягнуты прамавугольнік, абмежаваны алеямі. Тэр. парку з Пн на Пд перасякае р.Дабасна, якая ўтварае 3 маляўнічыя вадаёмы з астраўкамі (засталіся рэшткі масткоў і альтанак). Перад паўн. корпусам палаца ўцалелі фрагменты рэгулярнага парку пач. 18 ст. — круглая пляцоўка і 2 кляновыя алеі. У 1830-я г. створаны пейзажны парк, кампазіцыя якога падпарадкавана палацаваму ансамблю. Перад усх. порцікам размешчаны партэр у выглядзе эліпса. У парку дэкар. формы дрэў (дуб звычайны пірамідальны, клён вастралісты Швэдлера) і экзоты (хвоя веймутава, клён серабрысты і інш.).
У.А.Чантурыя, В.Р.Анціпаў.
Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль Палац. Від з двара.