Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ГІ́ТЛЕР ((Hitler) Адольф) (20.4.1889, г. Браўнаў-ам-Ін, Аўстрыя — 30.4.1945),
фюрэр (правадыр) ням. нацыянал-сацыялістаў, фаш. дыктатар Германіі ў 1933—45, гал. нацысцкі ваен. злачынец. Бацька Гітлера да 1876 меў прозвішча маці Шыкльгрубер. Гітлер меў незакончаную сярэднюю адукацыю. У 1907—13 жыў у Вене, самадз. мастак. З вясны 1913 у Германіі (Мюнхен; герм. грамадзянства атрымаў у 1932). Удзельнік 1-й сусв. вайны (узнаг.Жал. крыжам 1-га класа); яфрэйтар. З кастр. 1919 чл.Герм. рабочай партыі (з 1920 Нацыянал-сацыялісцкая герм. рабочая партыя — НСДАП), з ліп. 1921 старшыня НСДАП. 8 — 9.11.1923 на чале ўзбр. нацыстаў і праварадыкадаў намагаўся захапіць уладу ў Баварыі (т.зв. «піўны путч»); асуджаны і зняволены ў крэпасці г. Ландсберг (1923—24). У зняволенні пачаў пісаць кн. «Mein Kampf» («Мая барацьба»; т. 1 надрук. ў 1925, т. 2 — 1926) — ідэалаг. і паліт. праграму нацыстаў. Быў добрым прамоўцам (асабліва спекуляваў незадаволенасцю многіх немцаў Версальскім мірным дагаворам 1919). Дамогся падтрымкі кансерватыўных колаў прамыслоўцаў і рэйхсвера. З 30.1.1933 рэйхсканцлер, адначасова са жн. 1934 прэзідэнт Германіі, з 1938 і галоўнакаманд. вермахтам. Устанавіў у краіне таталітарны рэжым. Знешнепаліт. курс Гітлера (адзін з этапаў — аншлюс Аўстрыі) прывёў да развязвання Германіяй у саюзе з блокам агрэсіўных дзяржаў 2-й сусв. вайны (у час яе 3—4.8.1941 быў у Барысаве, 26.8.1941 — на тэр. Брэсцкай крэпасці). Адзін з гал. арганізатараў масавага знішчэння мірнага насельніцтва, ваеннапалонных, зверстваў, здзейсненых фашыстамі ў акупіраваных краінах і асабліва на захопленай тэр.СССР, у т. л. на Беларусі. Ва ўмовах ваен. паражэння Германіі Гітлер скончыў самагубствам у бункеры берлінскай імперскай канцылярыі.
Літ.:
Пруссаков В. Оккультный мессия и его рейх. М., 1992;
Больдт Г. Последние дни Гитлера: Пер. с нем. Мн., 1993.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТЛЕР-Ю́ГЕНД (ням. Hitler-Jugend гітлераўская моладзь),
маладзёжная арг-цыя нацыянал-сацыялісцкай партыі ў 1926—45. Першапачаткова наз. Саюз ням. рабочай моладзі. З 1931 узначальваў рэйхсюгендфюрэр (да 1940 Б. фон Шырах, у 1940—45 А.Аксман). Да 1933 рыхтаваў маладую змену для штурмавых атрадаў (СА). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў (1933) набыў масавасць (у 1932 — 100 тыс. членаў, у 1938 — 8,5 млн.). Паводле закону ад 1.12.1936 абвешчаны адзінай дзярж. маладзёжнай арг-цыяй; ставіў за мэту выхаванне ўсёй ням. моладзі ў духу нацыянал-сацыялізму; аб’ядноўваў моладзь ад 10 да 18 гадоў. Структурна падзяляўся (з 1938) на Deutsche Jungvolk (Ням. моладзь; хлопчыкі ад 10 да 14 гадоў), уласна Гітлер-югенд (юнакі ад 14 да 18 гадоў), Deutsche Jungmädel (Ням. дзяўчынкі; 10—14 гадоў) і Bund Deutscher Mädel (Саюз ням. дзяўчат; 14—18 гадоў). Распушчаны пасля ваен. паражэння фаш. Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Шыкльгрубер А., гл.Гітлер А.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМАХТ (ням. Wehrmacht),
1) у Веймарскай рэспубліцы неафіц. назва ўзбр. сіл (гл.Рэйхсвер).
2) Афіц. назва ўзбр. сіл фаш. Германіі ў 1935—45. Створаны ў парушэнне Версальскага мірнага дагавора 1919 на базе рэйхсвера пасля выдання 16.3.1935 дэкрэта аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Вярх. галоўнакамандуючы — рэйхсканцлер А.Гітлер. Вышэйшы орган ваен. кіраўніцтва — галоўнакамандаванне, якое да 1938 узначальваў ваен. міністр В. фон Бломберг, пасля — Гітлер. Складаўся з сухап. войск (галоўнакамандуючыя: у 1935—38 В. фон Фрыч, у 1938—41 В. фон Браўхіч, у 1941—45 Гітлер), ВПС (у 1935—45 Г.Герынг) і ВМФ (у 1935—43 Э.Рэдэр, у 1943—45 К.Дзёніц) на чале з галоўнакамандаваннямі. З 1940 у склад вермахта ўваходзілі таксама палявыя войскі СС. Вермахт быў гал. сілай у здзяйсненні заваёўніцкіх планаў нацыстаў, асабліва вырас у 2-ю сусв. вайну (ад 3 млн.чал. у 1939 да 11 млн. у снеж. 1943).
Літ.:
Messerschmidt M. Die Wehrmacht im NS-Staat. Hamburg, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),
праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл.СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл.Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л.Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл.Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час.«Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРБАРО́СА ПЛАН»
(«Barbarossa Fall»),
умоўная назва плана ваен. кампаніі фаш. Германіі супраць СССР у 2-ю сусв. вайну. Аформлены некалькімі дакументамі. Назва ад імя герм. караля і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фрыдрыха І Барбаросы — кіраўніка крыжовых паходаў на Усход у 12 ст. Распрацоўваўся камандаваннем герм.узбр. сіл з 21.7.1940, зацверджаны Гітлерам 18.12.1940 (дырэктыва № 21). Зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» (ням. «бліцкрыг») — завяршыць вайну да зімы 1941. Прадугледжваў раптоўнае нанясенне некалькіх моцных удараў буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войскаў і авіяцыі з мэтай расчляніць, акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі на З ад рэк Дняпро і Зах. Дзвіна, захапіць гал. стратэгічныя аб’екты — Ленінград, Маскву, Цэнтр.прамысл. раён і Данецкі вугальны басейн, далейшы рух у глыб СССР і канчатковы выхад на лінію Архангельск—Астрахань. На У ад гэтай лініі меркавалася «паралізаваць з дапамогай авіяцыі» ўральскую прамысловасць. Вайну супраць СССРГітлер разглядаў як «канфлікт двух светапоглядаў» і патрабаваў весці яе «на знішчэнне». У сувязі з Балканскай кампаніяй 1941 уварванне ў СССР перанесена з мая 1941 на 22.6.1941. Ход Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 сарваў поўную рэалізацыю «Барбароса плана».
Публ.:
План «Барбаросса» // Военно-ист. Журнал. 1991. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НШЛЮС (ням. Anschluß літар. далучэнне),
патрабаванне аб’яднаць Аўстрыю з Германіяй у адзіную дзяржаву ў праграмах часткі аўстр. і герм.паліт. сіл пасля 1-й сусв. вайны. Рэалізаваны ў 1938—45. Спробы аншлюсу былі ў 1918, 1931 і 1934. 12.11.1918 Часовы нац. сход Аўстрыі па ініцыятыве дэпутатаў ад сацыял-дэмакратаў О.Баўэра, В.Адлера, К.Рэнера і інш. самавольна абвясціў краіну састаўной часткай Герм. рэспублікі. Распачатая Баўэрам і яго паплечнікамі прапаганда аншлюсу не была падтрымана большасцю насельніцтва Аўстрыі. Баючыся ўзмацнення Германіі за кошт Аўстрыі, дзяржавы-пераможцы ў 1-й сусв. вайне забаранілі аншлюс. У сак. 1931 Германія і Аўстрыя падпісалі пагадненне аб мытным саюзе («халодны аншлюс»). Пратэсты ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Чэхаславакіі і Міжнар. суд у Гаазе прымусілі Германію і Аўстрыю адмовіцца ад пагаднення. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нац.-сацыялістаў (1933) і актывізацыі з іх боку руху за аншлюс аўстр. Хрысціянска-сацыяльная і Сацыял.-дэмакр. партыі выключылі патрабаванні аншлюса са сваіх праграм. У ліп. 1934 супраць намагання Гітлера прывесці да ўлады ў Вене мясц. нацыстаў і здзейсніць аншлюс выступіў фаш. дыктатар Італіі Мусаліні. У канцы 1937 — пач. 1938 Гітлер, дамогшыся згоды Мусаліні і не сустрэўшы пярэчанняў з боку Вялікабрытаніі і ЗША, забяспечыў знешнепаліт. падтрымку аншлюсу. У лют. 1938 ён прымусіў пайсці ў адстаўку аўстр. ўрад К.Шушніга. Прызначаны яшчэ гэтым урадам на 13 сак. плебісцыт праходзіў пад кантролем уведзеных у Аўстрыю 12.3.1938 герм. войскаў, што адбілася на яго выніках — 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс. На пач.крас. 1938 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША ліквідавалі свае дыпламат. місіі ў Вене, фактычна прызнаўшы аншлюс. У канцы 2-й сусв. вайны, пасля таго як тэр. Аўстрыі была занята войскамі краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымусовы аншлюс ануляваны і адноўлена незалежная аўстр. дзяржава (1945).
Да арт. Аншлюс. Войскі Германіі ўступаюць у Вену. 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938па Чэхаславакіі.
Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г.Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.Гітлер) і Італіі (Б.Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.Чэмберлен), Францыі (Э.Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.
Літ.:
Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;
Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;
Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;
Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;
Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.