Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гурко-Кражына Г. У. 3/445
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЖЫЧ,
у славянскай міфалогіі іпастась вярх. нябеснага бога. Атаясамліваўся з богам Сонца, сімвалізаваў пачатак веснавога сонечнага цыкла. З прыняццем хрысціянства Божыча супастаўлялі з вобразам Ісуса Хрыста. Імя Божыч узгадваецца ў назвах і песнях, звязаных з Калядамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЮ́,
у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог ветру. Ваю народжаны двума светамі, з’яўляецца раніцай, запаўняе паветраную прастору. Ён тысячавокі, хуткі, як думка, у яго зіхатлівая калясніца і мноства коней, у калясніцы з ім бог грому Індра. Ваю шчодры, добразычлівы, узнагароджвае ахвяравальніка сынам, дае патомства, маёмасць, славу і інш. У слав. міфалогіі Ваю часткова адпавядае Вій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАІ́ЗМ, бехаізм,
рэлігійна-палітычнае вучэнне. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў Іраку як форма бурж. рэфармацыі ісламу. Яго заснавальнік Мірза Хусейн Алі (1817—92) называў сябе Баха Алах і атаясамліваўся з богам, намагаўся стварыць універсальную рэліг. сістэму. У канцы 19 — пач. 20 ст. бахаізм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у т. л. ў Расіі. Існуе больш як у 160 краінах, на Беларусі зарэгістраваны ў 1992. Сучасныя бахаісты прапаведуюць ідэі касмапалітызму, грамадскай дыферэнцыяцыі, эканам. прагматызму. Цэнтр. кіруючы орган бахаізму — «Сусветны дом справядлівасці» знаходзіцца ў Хайфе (Ізраіль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ХМА, Брама,
у брахманізме і індуізме адзін з асн. багоў, творца Сусвету, яго ўвасабленне і душа. Яго ўяўляюць чырвоным, з барадой, чатырохтварым і васьмірукім. Практычна культ Брахмы адсутнічае. Лічыцца, што Брахма трансфармаваў рэчаісны свет з Адзінага; канчатковай жа мэтай усіх вернікаў індуісцкіх рэлігій з’яўляецца дасягненне супрацьлеглага — растварэння ў Вечным і Адзіным. Індуісцкія ўяўленні пра касм. цыклы стварэння і разбурэння звязаны з «днём», «ноччу», «годам» Брахмы.
Літ.:
Дюмезиль Ж. Верховные боги индоевропейцев: Пер. с фр.М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМАНІ́ЗМ,
старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;
Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНУ,
у вішнуізме і індуізме адзін з асн. (нароўні з Брахмам і Шывам) багоў; ахоўнік, увасабленне вечна жывой прыроды, энергіі, што ўладкоўвае космас. Уяўлялі прыгожым юнаком (часам з чатырма рукамі) з цёмна-сінім колерам скуры. Жонка Вішну Лакшмі — багіня шчасця і дабрабыту. Паводле эпасу, у канцы кожнага сусв. цыкла Вішну ўбірае ў сябе сусвет і ўпадае ў сон, лежачы на змеі Шэшы, які плавае ў сусв. акіяне. Калі Вішну прачынаецца і задумвае новае тварэнне, з яго вырастае лотас, з якога з’яўляецца Брахма і стварае сусвет. Звычайнае месцазнаходжанне Вішну — вяршыня гары Меру. Вядомы аватары Вішну (цялесныя ўвасабленні) у выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка і інш.
А.В.Гурко.
Вішну, Брахма, Лакшмі на змеі Шэшы. Сярэдневяковы малюнак.