Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КА́ННА (Canna),
род кветкавых раслін манатыпнага сям. каннавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Азіі. На Беларусі інтрадукавана К. індыйская (C. indica), вырошчваецца ў аранжарэях і цяпліцах. Шматлікія (больш за 1000) сарты К. (найб. вядомыя: з зялёным лісцем — Залатая Птушка, Вогненная Птушка, Прэзідэнт; з бронзава-чырв. лісцем — Кароль Гумберт, Вогненны Чараўнік) аб’ядноўваюць пад назвай К. садовая (C. × generalis, C. × hortensis).
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцнымі сцёбламі і клубнепадобна-патоўшчанымі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, шырокаэліптычнае (даўж. да 60, шыр. да 35 см). Кветкі буйныя, асіметрычныя, двухполыя, чырв., ружовага, жоўтага і інш. колеру ў верхавінкавым гронкападобным або мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар., лек., тэхн., кармавыя і харч. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л КІРУЛА́РЫЙ (Michaēl Kerularios; каля 1000—1058),
канстанцінопальскі патрыярх у 1043—58. Паходзіў са знатнай сям’і. У 1040 быў адным з арганізатараў змовы супраць візант. імператара Міхаіла IV, пасля яе правалу сасланы і пастрыжаны ў манахі. Змяніў на патрыяршым прастоле Аляксея Студыта. Імкнуўся да ўзвышэння ролі канстанцінопальскага патрыяршаства. У 1054 адкрыта абвясціў прынцып перавагі духоўнай улады над свецкай. Адстойваў незалежнасць царквы ад імператарскай улады (у 1057 прымусіў імператара адмовіцца ад права прызначэння на некаторыя вышэйшыя царк. пасады), закрыў у Візантыі падпарадкаваныя Рыму цэрквы і манастыры. Адмовіўся прызнаць вяршэнства папы над усх. царквой, імкнуўся пашырыць праваслаўе і ў Паўд. Італіі. 16.6.1054 у Канстанцінопалі рым. легат кардынал Гумберт адлучыў М.К. ад царквы, той у сваю чаргу адлучыў Гумберта і аб’явіў прыхільнікаў зах. царквы ератыкамі (у ліп. 1054 адбыўся канчатковы падзел усх. і зах. хрысціянскіх цэркваў). У 1057 М.К. паспрыяў уступленню на прастол імператара Ісаака I Камніна, але адносіны паміж імі абвастрыліся ў выніку канфіскацый імператарам царк. і манастырскай маёмасці. У ліст. 1057 арыштаваны і сасланы. Адмовіўся добраахвотна адрачыся ад патрыяршага прастола і памёр, не дачакаўшыся суд. працэсу, прызначанага імператарам.