гумані́зм

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. гумані́зм
Р. гумані́зму
Д. гумані́зму
В. гумані́зм
Т. гумані́змам
М. гумані́зме

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

гумані́зм, -у, м.

1. Гуманнасць, чалавечнасць у грамадскай дзейнасці, у адносінах да людзей.

2. Прагрэсіўны рух эпохі Адраджэння ў імя вызвалення асобы чалавека ад феадальнай ідэалогіі і догматаў рэлігіі.

|| прым. гуманісты́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гумані́зм, -му м. гумани́зм

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

гумані́зм, ‑у, м.

1. Светапогляд, прасякнуты любоўю да чалавека, клопатамі аб дабрабыце людзей і развіцці ў іх высокіх маральных якасцей. Сацыялістычны гуманізм.

2. Прагрэсіўны рух грамадскай думкі эпохі Адраджэння, які ахапіў філасофію, літаратуру, мастацтва таго часу і быў накіраваны супроць феадальнай ідэалогіі, рэлігійнага дагматызму і які абвясціў прынцып свабоднага развіцця асобы.

[Ад лац. hymanus — чалавечны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гуманізм 1/124, 125, 126, 128, 506; 2/453; 4/83—85; 9/272

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАНІ́ЗМ

(ад лац. humanus чалавечы, чалавечны),

сістэма светапогляду, кірунак філас. і грамадска-паліт. думкі, паводле якіх чалавечая асоба ёсць найвышэйшая каштоўнасць сац. быцця і культуры. Ідэі гуманных адносін да чалавека выяўляліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Мысліцелі, мастакі і ідэолагі эпохі Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.Бруна, Г.Галілей, Ф.Бэкан, Эразм Ратэрдамскі) паказалі ідэал свабоднага, гарманічна развітога чалавека. Рэнесансавы гуманізм як тып культуры і светапогляду сфарміраваўся ў Італіі (творчасць Ф.Петраркі, Дж.Бакачыо, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла) і пашырыўся на інш. рэгіёны разам з рухам Рэфармацыі (М.Мантэнь, Ф.Рабле ў Францыі, Ф.Бэкан, У.Шэкспір у Англіі, А.Дзюрэр у Германіі, М.Сервантэс у Іспаніі і інш.). Прадстаўнікі утапічнага камунізму (Т.Мор, Т.Кампанела, Т.Мюнцэр, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн і інш.) выкрывалі антычалавечую, на іх погляд, сутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, марылі пра справядлівае грамадства. Самабытныя ідэі рэв.-дэмакр. і народніцкага гуманізму развівалі А.Радзішчаў, В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, Л.Талстой і інш. мысліцелі і дзеячы рус. культуры. Ідэя свабоднага, усебаковага развіцця асобы як абсалютнай каштоўнасці і самамэты грамадскага прагрэсу ўтварае краевугольны камень марксісцкага гуманізму (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін, Г.В.Пляханаў і інш.).

У сучасную эпоху ідэі і прынцыпы гуманізму набылі асаблівую актуальнасць, сталі жыццёвай неабходнасцю для кожнага народа і чалавецтва ў цэлым.

У Беларусі гуманіст. канцэпцыя грамадства і чалавечай асобы выяўлялася на ўсіх этапах развіцця культуры, філас. і грамадска-паліт. думкі. Хрысц. гуманізм пашыраўся праз рукапісную новазапаветную л-ру (евангеллі) і царк. вучэнне, хрысц. і свецкую л-ру, разнастайныя жанры нар. творчасці, царк. архітэктуру, жывапіс, музыку. Тыповым дзеячам культуры гуманіст. кірунку быў Ф.Скарына. Ідэі грамадскай справядлівасці і гуманізму развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, Ю.Даманеўскі, А.Волан, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі, Сімяон Полацкі, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, М.К.Сарбеўскі, І.Капіевіч, Б.Дабшэвіч, К.Нарбуг, А.Доўгірд і інш. дзеячы бел., літ., польск. культур. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. на Беларусі ўзніклі дэмакр. і сац.-утапічныя плыні гуманіст. думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысц. згоды і гармоніі. Нац.-бел. дэмакр. плынь гуманіст. думкі выявілася ў фалькларыстыцы і этнаграфіі, у маст. прафес. культуры і л-ры (творчасць Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Абуховіча), духоўна-гуманіст. лідэрстве бел. пісьменнікаў, іх удзеле ў паўстанні 1863—64 на чале з К.Каліноўскім і барацьбе за нац. самавызначэнне бел. народа (Цётка, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч). Прадстаўнікі марксісцкай філасофіі ў БССР звязвалі гуманізм з рэв.-класавай барацьбой за пабудову камуніст. грамадства, якое стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. З 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. пачалося сістэматычнае вывучэнне і вяртанне народу гуманіст. традыцый бел. культуры. Гэты працэс паскорыўся пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь (1990).

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Холличер В. Личность и гуманизм: Пер. с нем. М., 1981;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;

Самосознанне европейской культуры XX в. М., 1991.

У.М.Конан.

т. 5, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гумані́зм м. Humansmus m -

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

гумані́зм

(ад лац. humanus = чалавечны)

1) любоў да людзей, павага да чалавечай годнасці;

2) прагрэсіўны рух эпохі Адраджэння, які абвясціў прынцып свабоднага развіцця асобы, выступіў за вызваленне чалавека ад улады феадалізму і каталіцызму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гумані́зм

(фр. humanisme, ад лац. humanus = чалавечны)

1) чалавечнасць у грамадскай дзейнасці, у адносінах да людзей;

2) прагрэсіўны рух эпохі Адраджэння ў імя вызвалення асобы чалавека ад ідэйнага застою часоў феадалізму і каталіцызму.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

гумани́зм гумані́зм, -му м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)