гукара́д, -да м., муз. звукоря́д

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГУКАРА́Д,

паслядоўнасць муз. тонаў якой-н. сістэмы (ладу, строю) у пэўным парадку (узыходным ці сыходным), абертонаў (натуральны гукарад), гукаў, якія можна здабыць на пэўным муз. інструменце, а таксама ўсіх гукаў, што выкарыстаны ў якім-н. муз. творы, яго частцы, асобнай муз. тэме. Гукарад танальнасці наз. гамай.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гукара́д м. муз. Tónleiter f -, -n

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

НАТУРА́ЛЬНЫ ГУКАРА́Д,

паслядоўнасць тонаў, якая складаецца з асн. тону і гарманічных прыгукаў (абертонаў), што ўтвараюць гук музычны. Гучанне асн. тону абумоўлена ваганнямі вібратара (струны, паветр. слупа і інш.), у выніку якіх узнікаюць абертоны. Іх частотныя суадносіны адпавядаюць натуральнаму раду лічбаў (1, 2, 3, 4, 5 ...). Ніжнія абертоны ўтвараюць мажорнае трохгучча (гл. нотны прыклад). Вучэнне пра Н.г. выклаў франц. муз. тэарэтык М.​Мерсен у кн. «Усеагульная гармонія» (1636—37).

Т.​А.​Дубкова.

Натуральны гукарад.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

звукоря́д муз. гукара́д, -да м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГВІ́ДА д’АРЭ́ЦА, Гвіда Арэцінскі (Guido d’Arezzo; каля 992, г. Арэца, Італія — 17.5.1050?),

італьянскі муз. тэарэтык; адзін з рэфарматараў у галіне муз. практыкі сярэдневякоўя. Адукацыю атрымаў у манастыры Пампоза (каля г. Ферара). Каля 1025 стаў манахам бенедыкцінскага манастыра ў г. Арэца (вобл. Таскана), кіраваў дзіцячым хорам кафедральнай школы. Увёў у карыстанне 4-лінейны нотны стан, чым заклаў асновы сучаснай натацыі. Тэарэтычна абгрунтаваў сістэму гексахорда (6-ступенны дыятанічны гукарад) — аснову сальмізацыі, што палегчыла спевакам дакладнае выкананне нотнага запісу. З 1952 у г. Арэца праводзяць Міжнар. конкурс хар. калектываў імя Г. д’А. («Паліфоніка»).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРТО́Н (ням. Oberton),

1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.

2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей за асн. тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́Р Дзмітрый Андрэевіч (8.11.1898, Мінск—8.6.1951),

бел. дырыжор, інструменталіст, рэжысёр, кампазітар. У 1920—24 рэжысёр і акцёр трупы пры Палітаддзеле Зах. фронту, сіламі якой (уключала хор, аркестр, танц. групу) паставіў шэраг муз. і муз.-драм. твораў, у т. л. оперу «Тапельніца» М Лысенкі, «Сватанне на Ганчароўцы» з муз. К.​Стацэнкі. У 1928 стварыў першы ансамбль бел. нар. інструментаў (цяпер Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.​І.​Жыновіча), да 1935 яго маст. кіраўнік і дырыжор. Адначасова (1928—32) выкладаў у Бел. муз. тэхнікуме. Удзельнічаў у рэканструкцыі нац. муз. інструментаў (зрабіў гукарад ліры храматычным, па яго чарцяжах удасканалены цымбалы, створаны іх арк. разнавіднасці), фарміраванні рэпертуару для бел. нар. аркестра (аўтар апрацовак бел. нар. песень і танцаў, арыг. п’ес, аранжыровак твораў В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, Р.​Шумана). У 1920—40-я г. выступаў у канцэртах як віртуоз-балалаечнік, іграў таксама на цымбалах, домры, гітары, дудцы, кларнеце.

Н.​П.​Яканюк.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РНЫЯ ДУ́ДКІ, парнёўка, дудкі,

старажытны бел. народны духавы муз. інструмент тыпу падоўжнай свістковай флейты. Інш. назвы: пасвісцелі, сапілка, гуслі. Складаюцца з 2 драўляных дудак рознай даўжыні з трыма ігравымі адтулінамі на кожнай. Тыповы гукарад сяміступенны, утвараецца 2 тэтрахордамі з 1 агульным гукам. Гучанне камернае, светлае, мяккага тэмбру. У час ігры дудкі трымаюць пад вуглом. П.д. гучалі на бяседах, хрэсьбінах, вяселлях, пры ваджэнні карагодаў. Выкарыстоўвалі звычайна як сольны інструмент і для суправаджэння спеваў, часам у ансамблі са скрыпкай. На іх выконвалі мелодыі абрадавых і пазаабрадавых песень, радзей танцавальныя. Былі найб. пашыраны на Магілёўшчыне.

Р.​Дз.​Назіна.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУПЕ́НЬ у музыцы,

кожны гук муз. гукараду, гамы, ладу. Уся муз. шкала падзяляецца на актавы, кожная ўключае 7 асн. С. (до—рэ—мі—фа—соль—ля—сі), з якіх утвараецца асн. гукарад, і 5 альтэраваных (павышаных ці паніжаных) С. Побач са складовымі існуюць і літарныя абазначэнні асн. С. (c=до, b=рэ, e=мі, f=фа, g=соль, а=ля, h=ci). Каб вызначыць альтэраваную С., да складу ці літары далучаюць умоўнае абазначэнне знака альтэрацыі (напр., до-дыез=до#=cis) Поўны дыятанічны лад ахоплівае 7 асн. С., якія абазначаюцца рым. лічбамі і маюць спец. назвы (I — тоніка, II — верхні ўводны гук, III — верхняя медыянта, IV — субдамінанта, V — дамінанта, VI — ніжняя медыянта, VII — ніжні ўводны гук). Кожная С. ладу можа альтэравацца, у такім выпадку 7-ступенная дыятанічная гама ладу ператвараецца ў 12-ступенную храматычную.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)