ГУДАЕ́РА (Goodyera),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Названы ў гонар англ. батаніка Дж.​Гудаера. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, трапічнай Азіі. На Беларусі зрэдку пераважна ў паўн. раёнах трапляецца гудаера паўзучая (O. repens). Расце ў сырых цяністых хвойных і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з невысокім сцяблом і шнурападобным паўзучым карэнішчам. Лісце нешматлікае, сядзячае, збліжанае ў ніжняй частцы сцябла накшталт прыкаранёвай разеткі. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, звонку зеленаватыя, з прыемным пахам, сабраны ў густое коласападобнае суквецце. Плод — шматнасенная каробачка. Дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гудаера паўзучая.

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гудае́ра

(н.-лац. goodyera, ад D. Goodyer = прозвішча англ. батаніка)

травяністая расліна сям. ятрышнікавых з вострым лісцем і дробнымі белымі пахучымі кветкамі, пашыраная пераважна ў халодных і ўмераных зонах; на Беларусі трапляецца рэдка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)