ГРО́ЦЫЙ ((Grotius) Гуга) (сапр. дэ Гроат; de Groot; 10.4.1583, г, Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1645),
галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.
Тв.:
Рус. пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.
Літ.:
Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гроцый Г. дэ Г. 1/506; 4/31
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
паняцце паліт. і прававой думкі, якое абазначае сукупнасць зыходных каштоўнасцей, прынцыпаў, правіл, правоў, абумоўленых натуральнай прыродай чалавека і незалежных ад канкрэтных сац. умоў і дзяржавы. Асобныя ідэі Н.п. зарадзіліся ў антычнасці (Платон, Арыстоцель, Цыцэрон і інш.). У той час Н.п. супрацьпастаўлялася законам і інш. устаноўкам канкрэтнай дзяржавы. Як цэласная і развітая сістэма поглядаў Н.п. склалася ў 17—18 ст. у ходзе барацьбы супраць саслоўных прывілеяў за раўнапраўе і свабоду ўсіх членаў грамадства. Прыхільнікамі канцэпцыі Н.п. былі Г.Гроцый, Ж.Ж.Русо, Ш.Мантэск’ё, Дж.Лок, Т.Гобс, Д.Дзідро, А.М.Радзішчаў, бел. мысліцелі-асветнікі Ф.Скарына, М.Літвін, А.Волан, А.Алізароўскі, І.Страйноўскі, М.Лавіцкі і інш. Гэту канцэпцыю звычайна выкарыстоўвалі ў якасці крытэрыя ацэнкі існуючага заканадаўства ў розных краінах, для вызначэння шляхоў яго ўдасканалення. Ідэі Н.п. знайшлі адлюстраванне ў амер. Дэкларацыі незалежнасці (1776), Канстытуцыі ЗША (1787); папраўках да яе, у франц Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789) і ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948). Марксізм падыходзіў да гэтых правоў як да сацыяльна абумоўленых, класавых, а не прыроджаных катэгорый.
т. 11, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСТВА,
сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой гал. ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гіст. формах і тыпах. Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства. У гісторыі філас., сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Мысліцелі Н.Макіявелі, Т.Гобс бачылі ў грамадстве сродак сац. кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г.Гроцый, Д.Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г.Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла матэрыяліст. тэорыя грамадства (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін, Г.В.Пляханаў). Яна аспрэчвае гал. пастулат ранейшых поглядаў на тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыяліст. разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутр. структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах. У апошняй трэці 20 ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навук.-тэхн. прагрэс і выкліканыя ім сац.-эканам. вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асн. крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусв. сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сац.-эканам. версіямі індустр. грамадства з’яўляюцца дабрабыту тэорыя і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустр. грамадства з’яўляюцца тэорыі постіндустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.
Літ.:
Волков А.И. Человеческое измерение прогресса. М., 1990;
Новая технократическая волна на Западе. М., 1986.
В.І.Боўш.
т. 5, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІР МІЖНАРО́ДНЫ,
стан адносін паміж дзяржавамі, якія міждзярж. спрэчкі і канфлікты вырашаюць мірнымі сродкамі і ў сваёй знешняй палітыцы адмаўляюцца ад выкарыстання ўзбр. сілы. Перадумовай М.м. з’яўляецца добрасумленнае выкананне дзяржавамі норм міжнар. права і дагаворных абавязацельстваў. Прырода міру, як і вайны, вызначаецца гіст. ступенню развіцця грамадства, палітыкай дзяржаў і інтарэсамі сац.-паліт. сіл, якія ў пэўных абставінах маюць вырашальны ўплыў на фарміраванне дзярж. палітыкі. Ідэя ўстанаўлення міру ў адносінах паміж народамі нарадзілася ў старажытнасці, распрацоўваецца ў розных кірунках на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва і адлюстроўвае асаблівасці кожнай гіст. эпохі. У стараж. Кітаі і ант. Грэцыі паявіліся першыя вядомыя творы-утопіі антываен. характару, а таксама разважанні вучоных аб М.м. Аднак у рабаўладальніцкім грамадстве нават выдатныя прадстаўнікі грамадскай думкі прызнавалі ідэю М.м. толькі адносна ўласнага народа. Паводле Арыстоцеля, напр., М.м. датычыць выключна элінаў і іх дзяржаў-полісаў і не пашыраецца на «варварскія» народы і дзяржавы. У перыяд феадалізму ідэя М.м. накіравана супраць феад. раздробленасці, феад.-дынастычнай арг-цыі грамадства, панавання клерыкалаў і міжусобных войнаў паміж феадаламі. У 16—18 ст. паяўляюцца шматлікія трактаты з асуджэннем вайны і прапановамі стварэння агульнаеўрап. або сусв. арг-цый з мэтай мірнага вырашэння канфліктаў паміж дзяржавамі. Сярод іх аўтараў Эразм Ратэрдамскі, С.Франк, Я.Каменскі, Ш.Сен-П’ер і інш. Заснавальнік навукі міжнар. права Г.Гроцый развіваў ідэі гуманізацыі войнаў і прававога рэгулявання адносін паміж дзяржавамі ў інтарэсах міру. Франц. утапічныя камуністы (Марэлі, Г.Маблі) прапанавалі радыкальны праект ліквідацыі войнаў у працэсе перабудовы грамадства на аснове адмовы ад прыватнай уласнасці і яе абагульнення. Сучаснае па сваёй сутнасці навук. разуменне праблемы М.м. выкладзена ў філасофіі І.Канта, які распрацоўваў ідэю аб неабходнасці векавечнага міру на Зямлі і яго безальтэрнатыўнасці, таму што дыялектыка развіцця вайны можа прывесці чалавецтва да самагубства. Гарантыю міру і бяспекі Кант бачыў не ў збройнай магутнасці дзяржаў, а ў саюзе народаў, панаванні іх агульнай волі і права, чаму павінна адпавядаць і знешняя палітыка дзяржаў. У 1820-я г. ў Еўропе ўзнік пацыфісцкі рух, у праграму яго ўвайшло патрабаванне аб гуманізацыі войнаў, якое было ўлічана ў адпаведных міжнар. канвенцыях. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму звязвалі М.м. з аб’яднаннем рабочага класа ў міжнар. маштабах, сацыяліст. рэвалюцыяй і ўстанаўленнем дыктатуры пралетарыяту, барацьбой супраць мілітарызму і практычнымі мерамі ў галіне скарачэння зброі і ўмацавання міжнар. бяспекі; гэтыя палажэнні знайшлі адлюстраванне ў знешняй палітыцы сацыяліст. дзяржаў, дзейнасці міжнар. руху прыхільнікаў міру. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з шэрагам гіст. фактараў, якія аб’ектыўна спрыяюць адзінству чалавецтва, і існаваннем найноўшых тыпаў зброі масавага знішчэння праблема М.м. стала адной з гал. глабальных праблем чалавецтва. Канструктыўны падыход да яе прадугледжвае забарону зброі масавага знішчэння, наладжванне калект. бяспекі, развіццё мірнага супрацоўніцтва дзяржаў.
Літ.:
Проблемы мира и социального прогресса в современной философии. М., 1983;
Климатические и биологические последствия ядерной войны. М., 1986.
В.У.Боўш.
т. 10, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)