Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗАЎ, Грозава,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад Капыля, 102 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 481 ж., 197 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст., вёска Навагрудскага пав.ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, потым Валодкавічаў [заклалі пры двары 2 царквы, мужчынскі манастыр (існаваў да 1810)], Радзівілаў, Незабытоўскіх. У 18 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці, належала Межаеўскім, Вітгенштэйнам, Гогенлоэ. У 1886 — 156 ж., 19 двароў, 3 школы, 3 царквы, 3 заезныя дамы, 11 крам; у пач. 20 ст. — 1032 ж., 177 двароў. У 1924—31 цэнтр Грэскага раёна, з 1931 у Капыльскім, з 1935 у Грэскім р-нах, з 1938 вёска. З 1956 у Капыльскім р-не. У 1971 — 587 ж., 189 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖА́НКА,
рака ў Капыльскім і Слуцкім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Лакнеі (бас. Прыпяці). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 92 км². Пачынаецца на У ад в.Грозаў Капыльскага р-на, цячэ па раўніне, якая абкружае Капыльскую граду, 14 км рэчышча каналізавана. На рацэ 2 сажалкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДО́ЎСКІ (Іван Елізаравіч) (30.5.1896, в.Грозаў Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1960),
генерал-лейтэнант (1945). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1925), Генштаба (1948). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на Бранскім, Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага арміяй. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Шклова, Магілёва, Мінска, Літвы, Польшчы, баёў пад Берлінам. З 1945 нам. камандуючага ваен. акругай, у 1946—56 выкладчык Ваен. акадэміі Генштаба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬМА (ням. Walm),
тарцовы схіл 4-схільнага даху. Утвараецца дыяганальнымі сохамі або кроквамі, якія злучаюць тарэц вільчаковай кладкі (вільчаковага бруса) з вугламі сцен будынка. Вальмы, якія не даходзяць да нізу або верху даху (усечаныя нізкія шчыты над прычолкам або дымнікі ў верхняй частцы вальмы), наз. паўвальмамі. На Беларусі пакрыцці з вальм выкарыстоўваліся ў нар. жыллі, гасп. будынках, некаторых манум. збудаваннях (палацы ў г.п. Дзятлава, в.Грозаў Капыльскага р-на, цэрквы ў вёсках Лелікава Кобрынскага, Здзітава Жабінкаўскага р-на).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́СКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—56. Утвораны 17.7.1924 у складзе Слуцкай акругі. Цэнтр — в.Грозаў. Пл. 1069 км², нас. 33 992 чал., 288 населеных пунктаў (1925). Падзяляўся на 10 сельсаветаў. З 9.6.1927 да 26.7.1930 у складзе Мінскай акругі. Скасаваны 8.7.1931, тэр. ўвайшла ў склад Капыльскага, Пухавіцкага і Слуцкага р-наў. Зноў утвораны 12.2.1935. Цэнтр — мяст.Грэск. Пл. 1000 км², 151 населены пункт. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. З 21.6.1935 у Слуцкай акр., з 20.2.1938 і з 8.1.1954 у складзе Мінскай, з 20.9.1944 — Бабруйскай абл. Скасаваны 17.12.1956, тэр. перададзена ў Капыльскі, Пухавіцкі, Слуцкі і Уздзенскі р-ны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Акім Рыгоравіч) (н. 10.9.1912, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. скульптар. Засл. работнік культ. Беларусі (1988). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1934). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераізм народа ў Вял.Айч. вайне: кампазіцыі «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1951), «У тыле ворага» (1958), «Рэйкавая вайна» (1974), партрэты Героя Сав. Саюза А.М.Кіжаватава (1967), падпольшчыцы С.С.Панковай (1968). Аўтар помнікаў воінам Сав. Арміі і партызанам ў Слоніме (1956), Паставах (1965), Полацку (1967), Вілейцы (1969), в.Грозаў Капыльскага (1973) і Маслакі Горацкага (1983) р-наў і інш. Сярод інш. работ: «Поўдзень» (1965), «Юнацтва» (1973), «За волю, за долю» (1982), «На родных прасторах» (1983), бюст Ю.А.Гагарына (1969).
Літ.:
А.Р.Курачкін / Аўтар тэксту Л.Н.Дробаў. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ РАЁН,
на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1959). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 43 тыс.чал. (1997), гарадскога 24,9%. Сярэдняя шчыльнасць 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Капыль, 212 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Бабаўнянскі, Блеўчыцкі, Браткаўскі, Бучацінскі, Вялікараёўскі, Грозаўскі, Доктаравіцкі, Камсамольскі, Капыльскі, Пацейкаўскі, Семежаўскі, Слабада-Кучынскі, Цімкавіцкі.
Паверхня на Пн і Пд раўнінная, цэнтр.ч. з З на У перасякае Капыльская града. Пераважаюць вышыні 160—200 м. Найвыш. пункт 243 м (каля в. Нізкавічы). Карысныя выкапні: жвір, пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На Пн раёна працякаюць р. Нёман з прытокамі Лоша (з Вынёй), Тур’я (з Гніліцай), Баранаўка, на Пд — р. Морач з прытокамі Мажа, Удава, Волка, на З — вытокі р. Балванка, на У — р. Лакнея. Вадасховішчы Чырвонаслабодскае і Цімкавіцкае; меліярац. каналы Амяльнянскі, Аткаловіцкі, Семежаўскі, Стары Роў і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%), тарфяна-балотныя (15,1%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 18,8% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты (пераважна нізінныя) займаюць 0,4% тэрыторыі, буйнейшыя з іх Тур’я, Боркаўцы і інш. Заказнікі мясц. значэння: гідралагічныя Волка і Марачанскі, заалагічны Ракітнік (бабры). Помнікі прыроды рэсп. значэння: каштан васьмітычынкавы і 6 клёнаў ілжэплатанавых у в. Бабоўня, дуб чарэшчаты ў в.Грозаў, 2 піхты каліфарнійскія ў в. Чыжэвічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў каля 115 тыс.га, з іх асушаных 37,8 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, 5 саўгасаў, 21 фермерская гаспадарка, міжгас «Капыльскае» (свінагадоўля). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і будматэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Асіповічы—Баранавічы і інш. У раёне 22 сярэднія, 7 базавых, 7 пачатковых, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, дзіцячая школа мастацтваў, прафес.-тэхн. вучылішча, 34 дашкольныя ўстановы, 36 клубаў, 48 б-к, 7 бальніц, 27 фельч.-ак. пунктаў, 1 амбулаторыя. Музеі: краязнаўчы, Кузьмы Чорнага, «Спадчына» і інш. Архітэктурныя помнікі: Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Васільчыцы, сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Гразавок, сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.) у в.Грозаў, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карачоўшчына, царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Кіявічы, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Комсічы, царква (пач. 20 ст.) у в. Лешня, касцёл (19 ст.) у в. Савічы, капліца і брама-званіца, пабудаваныя ў памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці (2-я пал. 19 ст.) у в. Цімкавічы, Троіцкі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Цялядавічы, сыраварня (19 ст.) у в. Чырвоная Дуброва. Цэнтры ткацкага рамяства (з 19 ст.) у в. Семежава і Чырвоная Дуброва. Выдаецца газ. «Слава працы».