гранулі́ты

(ад лац. granulum = зярнятка + -літ)

група выбуховых рэчываў прасцейшага складу, у якіх гранулы аміячнай салетры прамочаны вадкім палівам і апудраны дрэўнай мукой.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЫНАМО́НЫ,

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы: сумесь нітрату амонію NH4NO3 (акісляльнік) і невыбуховага гаручага (торф, драўняная мука, нафтапрадукты, парашкі металаў), якое лёгка акісляецца. Цеплата ўзрыву ў залежнасці ад складу 3—4,2 МДж/кг.

З тонкадысперснага NH4NO3 вырабляюць парашкападобныя Д., з сітаватага грануляванага — грануляваныя: грануліты (гранулы салетры, прамочаныя вадкім гаручым) і ігданіт (94—95% NH4NO3 і дызельнае паліва). Грануляваныя Д. ў параўнанні з парашкападобнымі менш гіграскапічныя і адчувальныя да мех. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць для ўзрыўных работ на паверхні і пад зямлёй (акрамя шахтаў, небяспечных на газ і пыл). Гл. таксама Дынаміты.

т. 6, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Індастанская платформа,

дакембрыйская платформа, займае п-аў Індастан, Інда-Гангскую раўніну да падножжа Гімалаяў і в-аў Шры-Ланка. Фундамент складзены з архейскіх крышт. парод (граніта-гнейсы, грануліты, сланцы) і асадкава-вулканагенных тоўшчаў. Асн. ч. платформавага чахла складзена з рыфейскіх карбанатна-тэрыгенных адкладаў. Фанеразойскія адклады (кантынентальныя покрыўна-ледавіковыя, вугляносныя, чырванаколерныя пясчаныя, вулканагенныя) запоўнілі грабенападобныя перыкратонныя прагіны і Дэканскую сінеклізу. Паўн. частка І.п. — пліта з глыбока апушчаным фундаментам і слаба дыслацыраванымі кайназойскімі тоўшчамі (магутнасць да 10—12 км), што запаўняюць Перадгімалайскі і Бенгальскі ўскраінныя прагіны. Буйныя радовішчы руд жалеза, марганцу, медзі, золата, рэдкіх металаў, таксама мускавіту, вугалю; баксітаў і каалінавых глін; тытану, цырконію, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Выяўлены алмазаносныя кімберліты.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)