ГО́ЦЫ (Gozzi) Карла
(13.12.1720, г. Венецыя, Італія — 4.4.1806),
італьянскі драматург. Граф. Быў ваенным. Выступіў супраць драматургіі К.Гальдоні і франц. асветнікаў. Падтрымліваў традыцыі Адраджэння. Стварыў новы жанр — філас. тэатр. казку (ф’яба). Першая з іх — «Любоў да трох апельсінаў» (паст. 1760). У казках 1760-х г. «Воран», «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Жанчына-змяя», «Забеіда», «Блакітная пачвара», «Шчаслівыя жабракі», «Зялёная птушка», «Дзэім, кароль джынаў, альбо Верная раба» развіваў свой трагікамічны казачны стыль, спрабаваў, нягледзячы на рэформу т-ра, захаваць традыцыі камедыі дэль артэ. Яго ф’ябы адметныя паэтычнасцю, яркасцю і аптымізмам нар. казачнай фантастыкі. Аўтар 23 п’ес, напісаных пад уплывам ісп. «камедыі плашча і шпагі», у т. л. «Любоўнае зелле» (1777), паэмы «Дзіўная Марфіза» (1772), кн. ўспамінаў «Непатрэбныя мемуары» (1797). Казкі Гоцы паўплывалі на л-ру рамантызму і тэатр 20 ст. П’есы «Кароль-алень», «Прынцэса Турандот», «Зялёная птушка» неаднаразова ставіліся і тэатрамі Беларусі.
Тв.:
Рус. пер. — Сказки для театра. М., 1989.
С.В.Логіш.
т. 5, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Гоцы К. 2/629; 3/319, 575; 4/18, 232; 5/176, 178, 295; 9/516; 10/368—369 (іл.), 371, 463, 469; 11/378, 576, 643; 12/616
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНАВО́Й Васіль Сямёнавіч
(н. 16.1. 1934, Масква),
расійскі акцёр. Нар. артыст СССР (1985). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1957). Працуе ў т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёру ўласцівы прыгажосць і высакароднасць пластычнага малюнка ролі, рамант. пафас. Часта выконвае ролі ў амплуа «героя-палюбоўніка». Калаф («Прынцэса Турандот» К. Гоцы), Цэзар Актавіян («Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра), Казанова («Тры ўзросты Казановы» М. Цвятаевай). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Атэстат сталасці» (1954), «Пунсовыя ветразі» (1961), «Вайна і мір» (1966—67), «Ганна Карэніна» (1968), «Любоў Яравая» (1970), «Афіцэры» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Ганна і Камандор» (1976), «Дзіўная жанчына» (1978), «Пятроўка, 38» і «Агарова, 6» (1980) і інш. Ленінская прэмія 1980 за чытанне дыктарскага тэксту ў фільме-эпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Аўтар успамінаў «Шчаслівыя сустрэчы» (2-е выд. 1986).
Літ.:
Войткевич Н.Р. Ступени творчества. Ставрополь, 1975.
т. 9, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)