КО́ШТА ГО́МЕШ ((Costa Gomes) Франсішку да) (н. 30.6.1914, г. Шавіш, Партугалія),
партугальскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал (1981). З 1935 афіцэр. Камандаваў партуг. калан. войскамі ў Мазамбіку (1968—69) і Анголе (1970—72). З 1972 нач. генштаба ўзбр. сіл Партугаліі. Адзін з лідэраў Руху ўзброеных сіл, які ў крас. 1974 скінуў дыктатуру М.Каэтану (гл. Партугальская рэвалюцыя 1974). У 1974—76 прэзідэнт Партугаліі, садзейнічаў дэмакратызацыі партуг. грамадства.
т. 8, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,
«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш. Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг. сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.
Літ.:
Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;
Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)