ГЕРЫ́ЦЫЙ (Hericium),
род базідыяльных грыбоў сям. яжовікавых. Вядома 8 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды, найб. трапляецца герыцый каралападобны (H. coralloides). Растуць у лясах на ламаччы і пнях лісцевых парод (асабліва бярозы) летам і восенню.
Пладовыя целы каралападобна разгалінаваныя або лопасцевыя, зрэдку распасцёртыя, мясістыя, белыя, бываюць з ружаватым ці жаўтаватым адценнем, з узростам і пры высыханні бурэюць. Шыпы звычайна абвіслыя, рознай даўжыні.
т. 5, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
геры́цый
(н.-лац. hericium)
базідыяльны грыб сям. яжовікавых, які расце на ламаччы і пнях лісцевых парод (асабліва бярозы).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)