ГЕРМЕ́ТЫКІ,

вадкія, вязкацякучыя ці пастападобныя кампазіцыі на аснове палімераў ці алігамераў, здольныя забяспечваць непранікальнасць (герметычнасць) стыкаў, швоў, злучэнняў розных канструкцый за кошт высокай адгезіі да матэрыялаў.

Для ўшчыльнення нераздымных злучэнняў выкарыстоўваюць герметыкі на аснове полісульфідных, крэмнійарган., урэтанавых, фторзмяшчальных, вуглевадародных каўчукоў з канцавымі функцыянальнымі групамі, якія ўтвараюць герметычны слой на злучальным шве ў выніку ацвярджэння (вулканізацыі). У іх састаў уваходзяць таксама 1—3 кампаненты (напаўняльнікі, вулканізуючыя агенты і інш.), якія змешваюць перад выкарыстаннем. Для ўшчыльнення раздымных злучэнняў карыстаюцца герметыкі, якія не вулканізуюцца (невысыхальныя замазкі) — сумесі каўчукоў насычаных ці малой ненасычанасці (напр., поліізабутылен) з напаўняльнікамі і масламі. Вадкія герметыкі — растворы ці дысперсіі сінт. смол ў арган. растваральніках (напр., этаноле) ці вадзе (гл. Кампаўнды палімерныя). Выкарыстоўваюць у авія- і суднабудаванні, буд-ве, хім. і радыёэлектроннай прам-сці.

Літ.:

Аверко-Антонович Л.А., Кирпичников П.А., Смыслова Р.А. Полисульфидные олигомеры и герметики на их основе. Л., 1983.

Я.І.Шчарбіна.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

герме́тыкі

(ад герметычны)

вадкія, вязкацякучыя ці пастападобныя кампазіцыі на аснове палімераў ці алігамераў, здольныя забяспечваць непранікальнасць (герметычнасць) стыкаў, швоў, злучэнняў розных канструкцый за кошт высокай адгезіі да матэрыялаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

герме́тык

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. герме́тык герме́тыкі
Р. герме́тыку герме́тыкаў
Д. герме́тыку герме́тыкам
В. герме́тык герме́тыкі
Т. герме́тыкам герме́тыкамі
М. герме́тыку герме́тыках

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

палімеры, хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.

У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл. Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр. бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн. фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз. эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл. Пластычныя масы).

Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінах нар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)