Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«Геліяс» (аб’ектыў) 1/19 (іл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕ́ЛІЯС»
(ням. Helios),
назва аўтаматычных міжпланетных станцыйФРГ для даследавання калясонечнай прасторы з геліяцэнтрычнай арбіты. «Геліяс-1» запушчаны 10.12.1974, «Геліяс-2» — 15.1.1976. Перыяд абарачэння каля 190 сут, маса 371 кг. Корпус — правільная 16-гранная прызма выш. 0,5 м з папярочным памерам 1,7 м, з прымацаванымі сонечнымі батарэямі. «Геліяс» ў параўнанні з інш. станцыямі набліжаліся да Сонца на найменшую адлегласць (46,5 і 43,4 млн.км адпаведна). Паблізу перыгелія арбіты «Геліяс-2» выяўлена рэзкае павелічэнне канцэнтрацыі метэорнага пылу, звязанае са з’явай задыякальнага святла.
Да арт.«Геліяс». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Геліяс-1»: 1, 2, 3 — усенакіраваная, маланакіраваная і востранакіраваная антэны; 4 — канічная частка корпуса з сонечнымі батарэямі і люстранымі адбівальнікамі; 5 — жалюзі; 6 — цяплоізалявальныя маты; 7 — магнітометр; 8 — балон са сціснутым газам для мікрарухавікоў; 9 — фатометр; 10 — антэны для рэгістрацыі радыёшумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛІЯС, Гелій,
у грэчаскай міфалогіі бог Сонца, сын тытанаў Гіперыёна і Феі, брат Селены і багіні світання Эас. Геліяс усёвідушчы, бачыць справы багоў і людзей, часцей за ўсё дрэнныя; яго заклікаюць у сведкі і мсціўцы. Геліяса ўяўлялі ў асляпляльным святле і ззянні са страшэннымі вачамі, у залатым шлеме, на залатой калясніцы ці на троне з каштоўных камянёў у раскошным палацы ў акружэнні чатырох пор года. Геліяс паведаміў Дэметры, што Персефону выкраў Аід. У рым. міфалогіі Геліясу адпавядае Соль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЭ́Я,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі чараўніца, дачка калхідскага цара Ээта, унучка бога Геліяса. Пакахаўшы правадыра арганаўтаў Ясона, дапамагла яму здабыць залатое руно і разам з каханым уцякла ў Грэцыю, забіўшы пры гэтым свайго малога брата. Калі Ясон задумаў ажаніцца з дачкой карынфскага цара, М. з рэўнасці загубіла саперніцу, забіла двух сваіх малых сыноў ад Ясона і знікла на крылатай калясніцы, якую прыслаў Геліяс. Вобраз М. знайшоў адлюстраванне ў л-ры (Эўрыпід, Сенека, П.Карнель і інш.), жывапісе (пампеянскія размалёўкі, Э.Дэлакруа і інш.), музыцы (Л.Керубіні і інш.).