ГЕ́БА, Гебея,

у грэчаскай міфалогіі багіня юнацтва, дачка Зеўса і Геры, сястра Арэса. На Алімпе ў палацы Зеўса на баляваннях багоў выконвала абавязкі віначэрпа (пазней яны перайшлі на Ганімеда). Пасля абагаўлення Геракла Геба стала яго жонкай. Вяселле Гебы і Геракла — часты сюжэт у ант. паэзіі (Сапфо, Піндар, Авідзій), выяўл. мастацтве (рэльефы, творы вазапісу, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), у музыцы (оперы Р.​Кайзера, К.​В.​Глюка) і інш. У рым. міфалогіі Гебе адпавядае Ювента.

Геба. Скульптура А.​Кановы. 1801.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕБ,

у егіпецкай міфалогіі бог зямлі. Уяўлялі яго чалавекам з каронай Ніжняга ці Верхняга Егіпта на галаве. Паводле міфа, Геб пасварыўся з жонкай Нут (небам) з-за таго, што тая штодзённа ела сваіх дзяцей — нябесныя свяцілы, а пасля зноў нараджала іх. Бог паветра Шу раз’яднаў мужа і жонку, Геба ён пакінуў унізе, а Нут узняў уверх.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́РЫС,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог расліннасці, вады, уладар замагільнага свету. Лічыўся сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, яго сястрой і жонкай была Ісіда. Асірыса ўяўлялі ў вобразе чалавека з муміфікаваным целам і знакамі царскай улады; лічылі, што ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, навучыў сеяць злакі, пячы хлеб, здабываць руды, будаваць гарады і інш. Брат Асірыса, бог пустыні Сет, забіў яго, але Ісіда знайшла цела мужа, здабыла ўтоеную ў ім жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага Асірыса сына Гора. Грэкі атаясамлівалі Асірыса з Дыянісам. Міф пра смерць і ўваскрэсенне Асірыса паўплываў на ўзнікненне міфа пра Хрыста.

Да арт. Асірыс. Гор вядзе памерлага да трона Асірыса. Малюнак з «Кнігі мёртвых». Каля 1450 да н.э.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАФО́Н (ад франц. plafond столь) у мастацтве, столь, упрыгожаная жывапісам ці лепкай; твор манум.-дэкар. мастацтва, які аздабляе перакрыцце (плоскае, скляпеністае ці купальнае) памяшкання. Выконваецца непасрэдна па тынку (фрэска або размалёўка алейнымі, клеявымі і інш. фарбамі), на прымацаваным да столі палатне, мазаікай і інш. спосабамі. Вядомы ў Стараж. Егіпце, ант. свеце. На Беларусі сюжэтныя і арнаментальныя П. пашыраны ў 17 — пач. 19 ст. у дэкар. аздабленні культавых і парадных палацавых памяшканняў (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Для тагачасных плафонных кампазіцый характэрна выкарыстанне эфекту ілюзорнага прарыву ў адкрытую ці прадоўжаную далей арх. прастору, выявы фігур і арх. дэталей у моцных ракурсах. У 1950-я г. выкарыстоўваліся ў манум. грамадскіх збудаваннях (П. ў фае т-ра юнага гледача ў Мінску, маст. І.​Ахрэмчык, І.​Давідовіч).

Т.​В.​Габрусь.

Плафон «Геба і Арфей» у Кітайскім палацы ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.
Плафон цэнтральнага нефа ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)