ГЕАДЭЗІЯ
Навукова абгрунтаваныя геадэзічныя работы на Беларусі пачаліся ў 1753, калі была створана Віленская астранамічная абсерваторыя. Пасля далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) на тэр. Гродзенскай (1825—29) і Мінскай (1830—39) губерняў праведзены першыя трыянгуляцыйныя работы пад кіраўніцтвам К.І.Тэнера (вызначаны 31 трыянгуляцыйны пункт «Дугі Струвэ»), у якіх прыняў удзел бел. геадэзіст І.І.Ходзька. У 1863—73 праведзены градусныя вымярэнні ўздоўж 52° паўн. шыраты пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У 1928—32 праведзены геадэзічныя абгрунтаванні і здымкі Бабруйска, Гомеля, Мінска, Оршы, Рэчыцы, Слуцка і інш. гарадоў і Любанскага, Рагачоўскага, Койданаўскага, Горацкага, Дубровенскага раёнаў.
Адукацыя ў галіне геадэзіі на Беларусі пачалася з утварэннем у 1919 адпаведнай кафедры ў Горацкім с.-г. ін-це (з 1925 Бел. с.-г. акадэмія). У 1931 створана кафедра геадэзіі ў Мінскім тарфяным ін-це, у 1933 — у БПІ; у пасляваенны перыяд да іх далучыліся кафедры геадэзіі Бел. лесатэхн. ін-та, Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту (Гомель, 1953), Брэсцкага інж.-буд. ін-та (1966). З 1974 інжынераў-геадэзістаў рыхтуе Полацкі ун-т. У наш час геадэзію вывучаюць у навуч. установах пры падрыхтоўцы спецыялістаў па землеўпарадкаванні, будаўніцтве, лясной гаспадарцы, лесаінжынернай справе і інш. Уклад у геадэзічную навуку зрабілі бел. навукоўцы В.В.Папоў (стварыў тэорыю ўраўноўвання геадэзічных палігонаў, тэорыю ломаных базісаў, распрацаваў метады дакладнай паліганаметрыі), І.В.Зубрыцкі (распрацаваў тэорыю геадэзічных чатырохвугольнікаў без дыяганалей для пабудовы геадэзічных апорных сетак), І.І.Купчынаў (развіў тэорыю ўраўноўвання геадэзічных сетак трыянгуляцыі і паліганаметрыі, іх аўтаматызацыю, распрацаваў метады ўласных лікаў матрыц у геадэзіі, рацыяналізацыі работ у інж. геадэзіі), А.А.Саламонаў (распрацаваў тэорыю пабудовы і ўраўноўвання геадэзічных сетак агульнага віду), А.А.Дражнюк, В.Ю.Мінько (навук. распрацоўка і ўкараненне прагрэсіўных тэхналогій у геадэзічную вытв-сць). Вядомы працы бел. геадэзістаў: па спосабах адначасовага вызначэння азімута, шыраты і папраўкі хранометра (П.А.Хадаровіч), па аэрафотаздымцы і геадэзіі (С.М.Лебедзеў), па спосабе найменшых квадратаў (К.В.Папова), па складанні карт землеўпарадкавання (Ф.К.Курапаценка), па тэхніцы вылічэння і механізацыі вылічальных работ у геадэзіі (Я.Г.Ларчанка), па лікавых метадах спосабу найменшых квадратаў (Г.С.Таразевіч), па выкарыстанні аэракасмічных метадаў у геадэзіі, стварэнні дзярж. геадэзічных сетак з выкарыстаннем GPS (джы-пі-эс) абсталявання (У.В.Мкрытычан), па тэхналогіі падрыхтоўкі карт да выдання метадам гравіравання на пластыках (В.Ф.Маркаў), па тэхналогіі стэрыятапаграфічнай здымкі ў буйных маштабах (В.Ф.Маркаў, Я.С.Асіпук і інш.), па новай тэхналогіі стварэння фотапланаў — аптычным мантажы зон на фотатрансфарматары (А.Я.Галкін, В.Ф.Маркаў, В.Ю.Мінько, Б.І.Сяргееў), па стварэнні лічбавых карт мясцовасці (Б.А.Фурман), па аўтаматычнай сістэме картаграфавання (А.С.Назараў, І.Г.Нейфельд). У наш час тапографа-геадэзічныя работы на Беларусі выконваюць РУП «Белгеадэзія», РУП «Белаэракосмагеадэзія» Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэсп. Беларусь. Вядуцца работы па аднаўленні высокадакладнай геадэзічнай сеткі, аэрафотаздымцы тэр. краіны і абнаўленні тапаграфічных карт, па пераходзе на сістэму каардынат 1995 і стварэнні гравіметрычнай сеткі Беларусі, вывучаюцца пытанні розных тэхн. аспектаў геадэзіі. За 56 гадоў прадпрыемствам «Белгеадэзія» выкананы вялікі аб’ём геадэзічных, тапаграфічных і картаграфічных работ: на ўсёй тэр. Беларусі пабудавана дзярж. планавая геадэзічная сетка (трыянгуляцыя 1, 2, 3, 4 класаў); створана дзярж. вышынная апорная геадэзічная сетка (нівеліраванне 1, 2, 3 і 4 класаў); уся тэр. Беларусі пакрыта здымкай маштабу 1:10 000, падрыхтаваны да друку тапаграфічныя карты такога маштабу; выкананы тапаграфічныя здымкі, падрыхтаваны да друку і надрукаваны тапаграфічныя планы ўсіх гарадоў і планы гар. пасёлкаў краіны маштабу 1:2000 і 1:5000; выкананы тапаграфічныя здымкі маштабу 1:2000 шэрагу рэгіёнаў, перспектыўных у адносінах развіцця народнай гаспадаркі, на плошчы больш за 20 тыс. км²; створаны тапаграфічныя карты і планы ўсіх буйных вадаёмаў і вадасховішчаў Беларусі; складзены лічбавыя карты рэспублікі маштабу 1:50 000—1 000 000 і буйнамаштабныя планы гарадоў; складзены і выдадзены карты і планы шырокага кірунку для забеспячэння патрэб прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва краіны. Выкананы таксама тапографа-геадэзічныя работы і на тэр. Расіі, Літвы, Латвіі, Кубы, Алжыра, Сірыі, Манголіі, Кітая, Лаоса, Самалі, Мазамбіка, Ірана, Афганістана і інш. краін.
Літ.:
Купчинов И.И. Советская геодезия в Белоруссии за 50 лет // Материалы к 9 научно-техн. конф. кафедр ин-та и секций Дор НТО Бел. ж.-д., ... Гомель, 1969;
Нестеренок М.С., Нестеренок В.Ф., Позняк А.С. Геодезия. Мн., 1993;
Минько В.Ф. Белгеодезии 50 лет. Мн., 1997.
Р.А.Жмойдзяк.
т. 18, кн. 2, с. 552