ГАРА́ЦЫІ (Horatii),

старажытны рымскі патрыцыянскі род. Яго легендарнымі прадстаўнікамі лічыліся тры юнакі-блізняты Гарацыі, якія перамаглі ў адзінаборстве трох блізнят Курыяцыяў з Альба-Лонгі ў час вайны Рыма з Альба-Лонгай (7 ст. да н.э.); Марк Гарацый Пульвіл, адзін з першых консулаў Рэспублікі, які заключыў дагавор Рыма з Карфагенам у 510—509 да н.э. і асвяціў Капіталійскі храм; Публій Гарацый Коклес (аднавокі). Праславіўся тым, што адзін абараняў мост цераз р. Тыбр ад этрускаў, якія ў 508 да н.э. наступалі на Рым.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМО́НІ ((Solomoni) Джузепе) (Іосіф),

італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог канца 18 — пач. 19 ст. У 1770-х г. працаваў у Вене. З 1782 у Маскве, танцоўшчык, з 1784 — пастаноўшчык балетаў у Пятроўскім т-ры М.​Медокса, з 1800 — вядучы балетмайстар. Адначасова настаўнік танцаў і балетмайстар прыгонных т-раў у 1786 графа М.​Шарамецева, у 1810—22 князя М.​Юсупава. З 1810 выкладаў танцы ў Маск. шляхетным пансіёне, у 1822 — у Маск. ун-це. Паставіў больш за 30 балетаў. Сярод іх на рус. сцэне: «Апалон і Дафна» Ф.​Філідора (1799), «Жывы мярцвяк», «Туалет Венеры» і «Гарацыі і Курыяцыі» І.​Старцэра (1801—02), «Апелес і Кампаспа, ці Перамога Аляксандра над самім сабой» і «Помста за смерць Агамемнана» Ф.​Аспельмайра (1803—05).

С.​В.​Гуткоўская.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́Р ((Noverre) Жан Жорж) (29.4.1727, Парыж — 19.10.1810),

французскі артыст балета, балетмайстар; рэфарматар і тэарэтык харэаграфічнага мастацтва. Вучыўся ў Ж.​Д.​Дзюпрэ і Л.Дзюпрэ. З 1743 артыст, з 1751 і балетмайстар у еўрап. т-рах, у т. л. Парыжскай оперы (у 1776—81 гал. балетмайстар). Як харэограф сцвярджаў дзейсны танец, зрабіў балет самаст. відам сцэн. мастацтва. Яго лепшыя пастаноўкі адметныя драматычна-выразнымі пластычнымі вобразамі: «Рэўнасць, або Святкаванні ў сералі» (1757, муз., верагодна, Ф.​Гарнье); «Псіхея і Амур», «Смерць Геркулеса» (абедзве 1762), «Медэя і Язон» (1763), «Апелес і Кампаспа» (1776; усе на муз. Ж.​Ж.​Радольфа), «Дон Кіхот» (1768), «Гарацыі і Курыяцыі» паводле П.​Карнеля (1775; абедзве на муз. І.​Старцэра); «Іфігенія ў Таўрыдзе» на муз. Ф.​Аспельмайра (1773), «Іфігенія ў Аўлідзе» (1793) і «Свавольствы кахання» (1794; абедзве на муз. Мілера). Аўтар кн. «Пісьмы пра танец і балеты» (1760), дзе выклаў свае погляды на балет як самаст. спектакль. Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сучаснага балета.

Літ. тв.: Рус. пер. — Письма о танце и балетах. Л.; М., 1965.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)