ГАМЕА... (ад грэч. homoios падобны, аднолькавы),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам: «падобны», «аднолькавы», напр., гамеапатыя, гамеастаз.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гамеа-

гл. гомеа-.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гамеапа́т

(ад гамеа- + -пат)

урач, які пры лячэнні выкарыстоўвае метад гамеапатыі (параўн. алапат).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гомеа-, гамеа-

(гр. homoios = падобны, аднолькавы)

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцці «падобны», «аднолькавы».

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гамеаста́т

(ад гамеа- + -стат)

кібернетычная сістэма, якая мадэлюе здольнасць жывых арганізмаў падтрымліваць некаторыя велічыні (напр. тэмпературу цела) у фізіялагічна дапушчальных межах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гамеаста́з

(ад гамеа- + -стаз)

адноснае пастаянства фізіка-хімічных і біялагічных уласцівасцей унутранага асяроддзя арганізма чалавека і жывёл (напр. пастаянства складу крыві, тэмпературы цела).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн. фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.​Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.​Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс. абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;

Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;

Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гамеамо́рфія

(ад гамеа- + гр. morphe = выгляд, форма)

значнае падабенства прадстаўнікоў дзвюх або некалькіх груп арганічнага свету, не звязаных паміж сабой непасрэдным сваяцтвам; прыватны выпадак канвергенцыі 2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гамеапа́тыя

(ад гамеа- + -патыя)

метад лячэння хваробы малымі дозамі таго лякарства, якое ў вялікіх дозах выклікае ў здаровага чалавека з’явы, падобныя на сімптомы самой хваробы (параўн. алапатыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАМЕАПА́ТЫЯ (ад гамеа... + патыя),

сістэма лячэння мізэрна малымі дозамі індывідуальна падабраных лякарстваў. Прапанавана ў канцы 18 ст. ням. урачом С.​Ганеманам, які сцвярджаў, што хваробы можна лячыць маленькімі дозамі тых рэчываў, якія ў вял. дозах выклікаюць сімптомы, падобныя на прыкметы дадзенай хваробы (прынцып лячэння падобным). Гамеапатыя разглядае падыход да хваробы як да індывід. рэакцыі хворага на пашкоджвальны фактар, што залежыць ад спадчынна-канстытуцыянальных асаблівасцей арганізма. Як метад лячэння гамеапатыя афіцыйна прызнана ў многіх краінах свету; выкарыстоўваецца таксама ў вет. практыцы. На Беларусі дзейнічаюць гомеапатычныя лячэбныя цэнтры і аптэкі, вядзецца гомеапатычны прыём у паліклініках, санаторыях.

Гамеапатыя ўзнікла і атрымала пашырэнне ў Германіі, потым і ў інш. еўрап. краінах (у Расіі — з канца 1820-х г.) у той перыяд, калі ў медыцыне канкурыравалі супярэчлівыя тэорыі, шырока выкарыстоўваліся кровапусканні, клізмы, ірвотныя і стабільныя лек. рэчывы, якія знясільвалі арганізм хворага. У параўнанні з недахопамі лячэбнай медыцыны гамеапатыя адыгрывала пазітыўную ролю. Але з самага пачатку свайго існавання яна выклікала крытыку з боку прадстаўнікоў афіц. медыцыны. Асн. аб’ектам крытыкі былі вельмі нізкія канцэнтрацыі рэчываў, калі ў растворах знаходзіцца менш адной малекулы актыўнага рэчыва. Пазней даказана, што біял. актыўнасць рэчываў можа захоўвацца і ў канцэнтрацыях, адпаведных гомеапатычным. Гомеапатычныя лякарствы не выклікаюць пабочных эфектаў і алергічных рэакцый, не прычыняюць шкоды хвораму. Развіццём класічнай гамеапатыі стала тэорыя гоматаксікалогіі, распрацаваная ням. урачом. Г.​Рэкевегам у 1950-я г., якая аб’яднала гамеапатыю і навук. медыцыну

Літ.:

Гомеопатический домашний лечебник. 2 изд. М., 1993;

Гомеопатия: Практ. руководство к гомеопат. медицине. Т. 1—2. М., 1995;

Шаретт Ж. Практическое гомеопатическое лекарствоведение: Пер. с фр. Киев, 1990;

Вавилова Н.М., Кент Дж.Т. Реперторий гомеопатических лекарств. Новосибирск, 1995.

Т.​А.​Багрова.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)