Гамазавыя кляшчы 3/323; 6/36; 12/48

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМА́ЗАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Gamasoidea),

група кляшчоў атр. паразітыформных. 30 сям., 3—4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Свабоднажывучыя і паразітычныя формы. Жывуць у глебе, лясным подсціле, гнаі, норах і гнёздах млекакормячых і птушак, мурашніках, жыллі чалавека, на раслінах і інш. Многія віды паразітуюць на целе або ў органах і поласцях наземных пазваночных жывёл, чалавека. Некаторыя — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекцый кляшчовага энцэфаліту, кляшчовага сыпнога тыфу, ліхаманкі Ку, тулярэміі і інш. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. Пашыраныя гамазавыя кляшчы: курыны (Dermanyssus gallinae), пацуковы (Ornithonyssus bacoti), грызуноў (Haemogamasus nidi), андралелапс (Androlaelaps hermaphrodita).

Даўж. 0,2—4 мм. Цела прадаўгавага-круглаватае, пляскатае, укрытае хіцінавымі шчыткамі. Ногі шасцічленікавыя. На целе і канечнасцях шматлікія шчацінкі. Ротавы апарат грызуча- або колюча-сысучы. Адкладваюць яйцы або жывародныя. Развіццё непрацяглае, поўнае. За сезон могуць даваць дзесяткі пакаленняў. Пераважна драпежнікі, кормяцца дробнымі членістаногімі, нематодамі, крывёй і інш.

Гамазавыя кляшчы: 1 — пацуковы (самка); 2 — курыны (самец); 3 — грызуноў (самка); 4 — паразітус (самка).

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гамазіды, гл. Гамазавыя кляшчы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРАЛО́ГІЯ (ад грэч. akari клешч + ...логія),

галіна арахналогіі, навука пра кляшчоў. Мае прыкладныя раздзелы — мед., вет., с.-г. акаралогія. Навук. акаралогія сфарміравалася ў 18 ст. (швед. вучоны К.​Ліней). На Беларусі н.-д. работа вядзецца з 1920-х г. (М.​М.​Судзілоўскі, І.​В.​Шчарбінін, В.​Л.​Якімаў, К.​Ф.​Расцягаева, І.​Ц.​Арзамасаў, Б.​П.​Савіцкі, В.​І.​Вацякоў, Н.​П.​Мішаева, І.​В.​Чыкілеўская і інш.). Вывучаюцца біялогія кляшчоў і іх роля ў фарміраванні эпідэміял. сітуацый; даследуюцца кляшчы — узбуджальнікі хвароб чалавека, жывёл і раслін (іксодавыя, гамазавыя, чырванацельцавыя, панцырныя, акароідныя, раслінаедныя і інш.). Вывучаюцца асаблівасці змен акаракомплексаў у залежнасці ад ландшафтнага размеркавання з мэтай прагназіравання ачагоў масавага размнажэння кляшчоў у асн. лесараслінных зонах.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Parasitiformes),

атрад членістаногіх кл. павукападобных. 3 асн. групы (сям.): гамазоідньи, або гамазавыя кляшчы, іксодавыя кляшчы і ураподы (Uropodoidea). Каля 70 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у глебе, лясным подсціле, імху, арган. рэштках, гнёздах птушак і грызуноў, норах жывёл, у жыллі чалавека. Многія віды П.к. — дэфінітыўныя гаспадары і пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (бабезіёзу, піраплазмозу, гемарагічнай ліхаманкі, кляшчовага энцэфаліту і інш.). На Беларусі больш за 300 відаў.

Даўж. 0,2—4 мм. Цела шарападобнае ці падоўжана-авальнае, тулава падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта панцырам. Ротавы апарат (гнатэма) колючы, грызучы, колюча-грызучы. 4 пары 5—6-членікавых ног. Драпежнікі, некат. кормяцца крывёю, арган. рэшткамі, паразітуюць на раслінах. Размнажэнне палавое, у некат. партэнагенез. Большасць адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Гл. таксама Кляшчы.

Літ.:

Арзамасов И.Т. Иксодовые клещи. Мн., 1961;

Яго ж. Гамазовые клещи фауны Белоруссии. Мн., 1968;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. Мн., 1998.

І.​В.​Чыкілеўская.

Паразітыформныя кляшчы: 1 — вейгая; 2 — гемалелапс; 3 — падасінум; 4 — урапода.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯШЧЫ́ (Acarina),

зборная група (атрад) членістаногіх кл. павукападобных. З асобныя атрады (падатрады); К.-сенакосцы (Opilioacarina), акарыформныя кляшчы і паразітыформныя кляшчы. 300 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некат. ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя (трамбідыформныя і саркаптыформныя) і паразітыформныя К.

Даўж. 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць. Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення К. — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека. К.-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напр., у жывёл — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя К. (свірнавыя, або збожжавыя) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя К. выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш. Гл. таксама Акаралогія, Гамазавыя кляшчы, Кароставыя кляшчы, Мучны клешч, Панцырныя кляшчы, Пер’евыя кляшчы.

Літ.:

Бэкер Э., Уартон Г. Введение в акарологию: Пер. с англ. М., 1955;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. Мн., 1998.

Кляшчы. Акарыформныя: 1 — свірнавы; 2 — пер’евы; 3 — галавы; 4 — чырванацелка; 5 — вадзяны (піёна). Паразітыформныя: 6 — гамазавы; 7 — амбліёма; 8 — сенакосец (апіліякарус).

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)