Гальтан Ф. 2/348

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎГЕ́НІКА (ад грэч. eugenēs добрага роду),

вучэнне аб спадчынным здароўі чалавека, шляхах яго захавання і паляпшэння. Прынцыпы Е. сфармуляваў англ. вучоны Ф.​Гальтан (1869), які прапанаваў вывучаць тыя фактары, што могуць палепшыць спадчынныя якасці (генет. перадумовы фіз. і псіхічнага здароўя, разумовых здольнасцей, адоранасць) будучых пакаленняў. Ідэі Е. нярэдка выкарыстоўвалі для апраўдання расізму і генацыду. У сучаснай навуцы многія праблемы Е., асабліва барацьба са спадчыннымі захворваннямі, вырашаюцца ў рамках генетыкі чалавека, яго экалогіі, у т. л. мед. генетыкі. Ад ідэі паляпшэння генет. здароўя людзей Е. перайшла пераважна да задач яго захоўвання. Гл. Медыка-генетычнае кансультаванне.

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНГЕ́НЕЗІС (ад пан... + генезіс),

гіпотэза Ч. Дарвіна (1868) аб механізме ўзнаўлення ў патомстве прыкмет папярэдніх пакаленняў. Яе сутнасць у тым, што ўсе клеткі арганізма вылучаюць найдрабнейшыя часцінкі (зародкі) — гемулы, якія збіраюцца ў палавых органах і ўтвараюць палавыя клеткі, за кошт чаго і адбываецца перадача ў спадчыну прыкмет, у т. л. і зноў набытых. Гэтай гіпотэзай Дарвін карыстаўся пры тлумачэнні з’явы размнажэння (палавога і бясполага) і рэгенерацыі. У 1871 англ. вучоны Ф.​Гальтан эксперыментальна даказаў неабгрунтаванасць гіпотэзы П. Прынцыпова інш. тэорыю, унутрыклетачнага П., прапанаваў Г. Дэ Фрыз (1889), паводле якой у ядры клеткі знаходзяцца «пангены», якія вызначаюць усе прыкметы арганізма; у пратаплазму выходзяць толькі тыя «пангены», якія вызначаюць тып клетак.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая вывучае псіхічныя адрозненні паміж індывідамі і групамі людзей. Даследуе інтэлектуальныя асаблівасці людзей у залежнасці ад узросту, полу, сац., прафес., этн. прыналежнасці, спецыфіку іх інтарэсаў, маральных установак, эмацыянальных рэакцый. Складвалася пад уплывам пед., мед. і інжынернай практыкі, яе ўзнікненню садзейнічала ўвядзенне ў псіхалогію эксперыменту, матэм. і генет. метадаў даследавання. Тэрмін увёў ням. псіхолаг В.​Штэрн у працы «Аб псіхалогіі індывідуальных адрозненняў» (1900). Заснавальнік Д.п. — англ. псіхолаг Ф.​Гальтан, найб. вядомыя прадстаўнікі: А.​Бінэ (Францыя), Дж.​Кетэл (ЗША), А.​Ф.​Лазурскі (Расія) і інш. Прыхільнікі Д.п. лічаць, што акрамя ўздзеяння нейрафізіял. і спадчынных фактараў на індывід.-псіхал. адрозненні асобы ўплываюць сац. і культ. ўмовы развіцця індывіда, асаблівасці выхавання, лад жыцця, ментальнасць і інш. Даследаванні ў галіне Д.п. садзейнічаюць удасканаленню практыкі навучання і выхавання, прафес. адбору персаналу, дыягностыцы здольнасцей індывіда і інш.

Літ.:

Асмолов А.Г. Психология личности. М., 1990;

Видинеев Н.В. Природа интеллектуальных способностей человека. М., 1989;

Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 6, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)