Гальдо́ба ’высокая і худая дзяўчына’ (Сцяц. Словаўтв.). Ці не звязана гэта слова з гальбо́та ’бедната’ (гл.)? Тады трэба прыняць перастаноўку складоў і азванчэнне ‑т‑ > ‑д‑: гальбо́та > *гальто́ба > гальдо́ба. З іншага боку не выключаецца, што гальдо́ба ўтворана самастойна (параўн. шырока вядомы суфікс *‑oba ў словаўтварэнні назоўнікаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гальбо́та ’бедната’ (Жд. 2). У аснове гэтага ўтварэння ляжыць зыходнае *golьba (?) ад назоўніка *golь (да *golъ ’голы, бедны’). Бянтэжыць толькі суфіксацыя *‑ьba, якая звычайна сустракаецца ў аддзеяслоўных фармацыях. Далей да *golьba (?) быў даданы фармант *‑ota, добра вядомы ў назоўніках з абстрактным значэннем. Параўн. гальдоба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)