Гало́ўчын

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Гало́ўчын
Р. Гало́ўчына
Д. Гало́ўчыну
В. Гало́ўчын
Т. Гало́ўчынам
М. Гало́ўчыне

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Галоўчын (в.) 2/518 (к.), 519; 3/312—313, 317; 6/493, 501, 512 (к.); 11/41, 331 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎЧЫН,

вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вабіч, на аўтадарогах Бялынічы — Галоўчын, Магілёў — Круглае. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г.п. Бялынічы, за 26 км ад горада і чыг. ст. Магілёў. 674 ж., 280 двароў (1996). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Царква.

Вядомы з канца 15 ст. З 1501 належаў жонцы вял. кн. Аляксандра Алене Іванаўне, пазней — кн. Галоўчынскім, Патоцкім, віленскаму ваяводу Пацу. У 1567 цэнтр маёнтка ў Аршанскім пав. З 1785 Галоўчын у Магілёўскім пав. Праз вёску праходзіў Віленскі паштовы тракт. У вайну 1812 каля Галоўчына дзейнічаў атрад Дз.Давыдава. У 1901 у вёсцы 1603 ж., 201 двор. З 1924 цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну Галоўчын акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў чэрв. 1944 спалілі 178 двароў, загубілі 201 жыхара. У 1970 — 670 ж., 261 двор.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЫНЕ́Ц (Лявон Іванавіч) (18.6.1858, в. Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. — 1896),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р медыцыны (1887). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1882). Працаваў ваен. урачом у Магілёве. Навук. працы па даследаванні сан. стану, натуральнага руху (нараджальнасці, смяротнасці, прыросту) насельніцтва ў Магілёве.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЦІ́ЧАСК,

старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1071. Месцазнаходжанне не выяўлена. Даследчыкі атаясамлівалі Галацічаск з вёскамі Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай і Голацк Пухавіцкага р-на Мінскай абл. Але рэшткі стараж. горада там не выяўлены.

Літ.:

Повесть временных лет. Ч. 1. М.; Л., 1950;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII в.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЕ́ЎЧЫК (Захар Кузьміч) (18.2.1895, в. Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. — 6.1.1975),

бел. вучоны ў галіне гігіены і санітарыі. Чл.-кар. АМН СССР (1953), д-р мед. н. (1945), праф. (1934). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). У 1925—31 у Нар. камісарыяце аховы здароўя Беларусі. З 1924 у БДУ, Мінскім мед. ін-це (у 1943—53 дырэктар, у 1954—71 заг. кафедры). Гал. рэдактар час. «Здравоохранение Белоруссии» (1955—68). Навук. працы па пытаннях гігіены, планіроўкі і добраўпарадкавання нас. пунктаў, жыллёва-камунальнай гігіене, сан. ахове атм. паветра, вады, глебы.

Тв.:

Практыкум па эксперыментальнай (агульнай) гігіене. Мн., 1931;

Актуальные вопросы гигиены села (разам з Дз.П.Бяляцкім) // Вестн. АМН СССР. 1964. № 7.

З.К.Магілеўчык.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Утвораны 2.8.1773 у складзе Магілёўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай, з 23.12.1796 да 27.2.1802 — у Беларускай (з далучэннем часткі Копыскага пав.), з 1807 — у Магілёўскай губ. (з аднаўленнем межаў 1777). З 1861 М.п. падзяляўся на 13 валасцей: Бялыніцкую, Вяйнянскую, Вендаражскую, Княжыцкую, Круглянскую, Нежкаўскую, Палыкавіцкую, Паўлавіцкую, Таўпечыцкую, Царковішчанскую, Цяцерынскую, Чарнаруцкую, Шклоўскую; меў 10 мястэчак: Буйнічы, Бялынічы, Галоўчын, Друцк, Княжыцы, Круглае, Круча, Цяцерын, Шапялевічы, Шклоў. Пл. каля 3425 км² (каля 300 тыс. дзесяцін). Нас. 120,5 тыс. чал. (1885). З 6.10.1919 па 10.8.1920 у М.п. уваходзілі Брадзецкая і Пагосцкая воласці Ігуменскага пав., з 4.5.1922 — Галянёўская, Радамская, Сухарэўская, Чавуская і Чэрнеўская воласці скасаванага Чавускага пав., з 27.6.1922 — Нічыпаравіцкая вол. Горацкага пав., з 14.2.1923 — Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская і Старабыхаўская воласці скасаванага Быхаўскага пав., 9.5.1923 — Даўгамохская воласць Чэрыкаўскага пав. Пасля ўзбуйнення валасцей у 1923 замест 24 іх засталося 15. 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэрыторыя падзелена паміж Аршанскай, Калінінскай і Магілёўскай акругамі.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,

наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс. чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.

У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)