ГАЛА́ТЫЯ
(Galatia),
старажытная дзяржава ў цэнтр. частцы М. Азіі. Уключала землі, якія спачатку былі ў складзе Фрыгіі і Кападокіі. Вылучылася ў выніку ўварвання каля 277 да н.э. кельцкага племя галатаў (адсюль назва). У 183—167 да н.э. ў Пергамскім царстве. У 166—25 да н.э. пад рым. уплывам, але фармальна незалежная. У 25 да н.э. ператворана ў рым. правінцыю з цэнтрам у Анкіры (сучасны г. Анкара), уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым — Візантыі. У 11 ст. заваявана сельджукамі, у 14 туркамі-асманамі. Назва Галатыя ўжывалася да 7 ст.
т. 4, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́ТЫ
(Galatae),
кельцкія плямёны. Пасля спусташэння Грэцыі і Македоніі былі разбіты сірыйскім царом Антыёхам I. Каля 277 да н.э. ўварваліся ў М. Азію, аселі на тэр., якую назвалі Галатыя, і падзяляліся на плямёны талістаагаў, трокмаў і тэктасагаў. Рабілі набегі на суседнія тэр., спыненыя ў выніку ваен. паходаў пергамскіх правіцеляў Атала І і Эўмена II, у 188 да н.э. рымлян. Пасля 188 да н.э. галаты — васалы Рыма, падтрымалі яго ў войнах (89—64 да н.э.) з царом Понга Мітрыдатам VI.
т. 4, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)