ГА́ЙНАЎКА (Hajnówka),

горад у Польшчы, у Беластоцкім ваяв., каля зах. ускраіны Белавежскай пушчы. Вядома з 18 ст., горад з 1951. 21 тыс. ж. (1993), палякі і беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр дрэваапр. і мэблевай прам-сці. Вытв-сць каніфолі, шкіпінару і інш. рэчываў. Машынабудаванне (машыны для дрэваапрацоўкі). Адзін з цэнтраў бел. культуры ў Польшчы. Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Га́йнаўка ж. Hajnwka [-´nʊf-] i Hjnaŭka n -s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

«Чырвоная Гайнаўка» (газ.) 5/334

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Hajnówka

ж. г. Гайнаўка

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ЛУ́КША (Міраслава Янаўна) (н. 9.9.1958, мяст. Гайнаўка Падляскага ваяв., Польшча),

бел. пісьменніца. Скончыла філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1985). З 1985 працуе ў бел. тыднёвіку «Ніва». У кнігах прозы «Дзікі птах верабей» (1992), «Выспа» (1994) і паэзіі «Замова» (1993), «Ёсць» (1994) — філас. роздум над лёсам бел. вёскі, аб яе сучасных праблемах і хваляваннях, сакавітая нар. мова.

С.​М.​Чыгрын.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНАЎСКІ МУЗЕ́Й ПО́МНІКАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1984 у г. Гайнаўка (Польшча) па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Буд-ва пачата ў 1986 на ахвяраванні мясц. насельніцтва, бел. эміграцыі, датацый дзярж. і грамадскіх устаноў Беларусі і Польшчы. Першая экспазіцыя адкрыта 27.10.1990 (300 экспанатаў). Музейны комплекс (агульная пл. 2700 м², 3 будынкі) мае 6 экспазіцыйных залаў. Аснову экспанатаў музея складаюць с.-г. прылады працы, творы нар. мастацтва і культ. здабыткі беларусаў у Польшчы. Мае кіназалу, б-ку, кафэ-бар, атэль.

В.​Луба.

Будынак Гайнаўскага музея помнікаў беларускай культуры.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АБЛАСНЫ́ КА́МЕРНЫ ХОР «САНО́РУС».

Створаны ў 1992 у г. Маладзечна Мінскай вобл., з 1994 працуе ў Мінску. Арганізатар, маст. кіраўнік — дырэктар і гал. дырыжор А.​Шут. У складзе калектыву камерныя хор, аркестр (з 1996) і група салістаў, што набліжае яго да сімф. капэл 17—18 ст. У рэпертуары больш за 20 праграм, больш за 200 твораў розных эпох і жанраў, у т. л. творы духоўнай музыкі бел. кампазітараў мінулага (С.​Манюшкі, М.​Равенскага, М.​Шчаглова, М.​Анцава, А.​Туранкова) і сучасных (С.​Бельцюкова, А.​Залётнева, А.​Літвіноўскага, А.​Мдывані, А.​Рашчынскага, А.​Хадоскі, Л.​Шлег і інш.); духоўныя канцэрты Дз.​Бартнянскага, А.​Ведаля, В.​Казлоўскага, С.​Рахманінава, П.​Чайкоўскага, П.​Часнакова, месы І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, А.​Дыябелі, рэквіемы Л.​Керубіні, М.​Дзюруфле і інш. Хор — пастаянны ўдзельнік фестываляў «Мінская вясна», «Беларуская музычная восень», «Адраджэнне Беларускай капэлы», «Музы Нясвіжа» і інш. Лаўрэат Міжнар, фестываляў духоўнай і сучаснай хар. музыкі «Магутны Божа» (1993, 1997, Магілёў), «Сакрасонг-93», «Гайнаўка-94» і «Мендзыздрое-95» (усе Польшча).

Т.​А.​Цітова.

Мінскі абласны камерны хор «Санорус».

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),

філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л. «Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Białostockie),

у паўночна-ўсходняй Польшчы. На У мяжуе з Беларуссю. Пл. 10 055 км², нас. 695,2 тыс. чал. (1992). Адм. ц.г. Беласток. Займае паўн. ч. Падляскай ніз., Беластоцкую раўніну і Саколкаўскае узв. (выш. да 238 м). На Пн і З катлавіна р. Бебжа (найб. абшары балотаў у Польшчы), на Пд — даліна р. Нараў. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -4,5 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Гал. рэкі — Буг, Нараў, Супрасль, Бебжа. Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам больш за 30% тэрыторыі (найб. Кнышынская і Белавежская пушчы). Гаспадарка аграрна-прамысловая. Пад с.-г. ўгоддзямі 59% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс, пшаніцу, ячмень. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, коней. Прам-сць: маш.-буд. (машыны с.-г., дарожныя, для лясной і харч. вытв-сці), тэкст., харч., дрэваапрацоўчая. Найб. прамысл. цэнтры: Беласток, Гайнаўка, Лапы, Бельск-Падляскі, Чарна-Беластоцкая, Саколка, Семятычы.

Утворана 2.8.1919, мела 12 паветаў: Астралэнцкі, Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Востраўскі, Высока-Мазавецкі, Кольнаўскі, Саколкаўскі, Сейнінскі, Сувалкаўскі і Шчучынскі (цэнтр г. Граева). 4.2.1921 у склад ваяводства перададзены яшчэ 3 паветы: Белавежскі (акрамя 4 гмін) Ваўкавыскі і Гродзенскі. Пл. 32,4 тыс. км², нас. 1643,5 тыс. ж (1931). У 1922—38 адбыліся новыя адм.-тэр. змены. У сувязі з уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР 4.12.1939 пераўтворана ў Беластоцкую вобласць. Адноўлена ў вер. 1944 у складзе Польшчы; тэр. Ваўкавыскага і Гродзенскага пав. засталася ў БССР.

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ ХАРАВА́Я КАПЭ́ЛА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя Р.​Р.​Шырмы.

Створана ў 1940 у Беластоку як Бел. ансамбль песні і танца. Заснавальнік і кіраўнік да 1970 Р.Шырма, танц. групай кіраваў І.Хвораст. Ў 1950 ансамбль рэарганізаваны ў Дзярж. хор БССР (з 1944 у Гродне, з 1952 у Мінску), з 1955 Дзярж. хар. капэла БССР, з 1957 акадэмічная, імя Шырмы з 1978. З 1988 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Яфімава (з 1987). У рэпертуары капэлы апрацоўкі бел. нар. песень, творы бел. кампазітараў, у т. л. М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, А.​Бандарэнкі, Г.​Вагнера, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, Э.​Казачкова, В.​Казлоўскага, І.​Кузняцова, М.​Куліковіча-Шчаглова, А.​Літвіноўскага, І.​Лучанка, С.​Манюшкі, А.​Мдывані, Я.​Паплаўскага, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Л.​Шлег і інш., хар. і вак.-сімф. свецкая і царк. музыка рус. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: рэквіемы Дж.​Вердзі, В.​А.​Моцарта, Р.​Шумана, Л.​Керубіні, А.​Брукнера, І.​Брамса, Дз.​Кабалеўскага, месы І.​С.​Баха, Брукнера, Моцарта, І.​Гайдна, араторыі Дз.​Шастаковіча, П.​Чайкоўскага, С.​Пракоф’ева, хар. канцэрты С.​Танеева, П.​Часнакова, Дз.​Бартнянскага, А.​Архангельскага, С.​Рахманінава і інш. Капэла выступала з вядомымі сімф. аркестрамі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі пад кіраўніцтвам Ю.​Яфімава, М.​Янсанса, Л.​Крэмера, Р.​Зеехафера, Ч.​Грабоўскага, В.​Катаева, В.​Дуброўскага, П.​Д.​Панэла, С.​Сандэцкіса, Ю.​Домаркаса, Ю.​Цырука, А.​Янчанкі і інш. У розны час капэлай кіравалі У.​Раговіч, А.​Шунтаў; працавалі спевакі М.​Тэадаровіч, Л.​Царанкова, М.​Шуманскі, В.​Юневіч і інш. Калектыў — лаўрэат Міжнар. фестывалю царк. музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча, 1993).

Літ.:

Смольский Б.С. Государственная академическая хоровая капелла БССР. Мн., 1959;

Пуроўскі К. Песні вольных людзей. Мн., 1961.

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)